Зміцер Кучук: Частае адключэнне рэактара на БелАЭС выклікае трывогу
Частае адключэнне рэактара на Астравецкай АЭС пачынае выклікаць трывогу, – кажа старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук. Днямі рэактар зноў быў адключаны ад энергасеткі і падключаны толькі 8 сакавіка. Па афіцыйнай версіі, гэта было звязана з рэгламентнымі працамі. Але адначасова ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб падвышэнні радыяцыйнага фону ў некаторых прылеглых да АЭС раёнах. Па словах Змітра Кучука, тэма АЭС вельмі закрытая ўладамі Беларусі. Але падвышэнне радыяцыі на самой справе было:
– Падвышэнне радыяцыі нязначнае, яно ў межах нормы. Яно сапраўды было ў момант, калі было аб’яўлена пра здарэнне на АЭС. Гэта ўжо не першы раз за паўгода, па-мойму, гэта чацвёрты ці пяты раз на маёй памяці, калі зусім новую атамную станцыю то адкрываюць, то закрываюць. І гэта насцярожвае, бо як мне падаецца, атамная станцыя так не мусіць працаваць, яна павінна працаваць у нармальным штатным рэжыме.
Гэта ўсё сведчыць пра няякасную працу пры будаўніцтве АЭС, пра няякаснае абсталяванне. І ў выніку гэтыя абставіны могуць прывесці да сур’ёзных наступставаў, – кажа Зміцер Кучук
Беларускае Радыё Рацыя, Менск