Зміцер Кучук: Мяркую, БелАЭС на самой справе запрацуе не так хутка
Па словах кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, да запуску першага блоку Астравецкай АЭС засталіся лічаныя дні. Але кіраўнік Беларускай партыі Зялёныя Зміцер Кучук лічыць, што з гэтым лепш не спяшацца. Палітык мяркуе, што АЭС на самой справе запрацуе не так хутка.
„Магчыма Аляксандр Лукашэнка проста прыедзе туды і зробіць чыста сімвалічны прапагандысцкі запуск, націсне кнопку,” – лічыць Зміцер Кучук.
– Проста можна зрабіць такі сімвалічны жэст у межах сваёй перадвыбарчай кампаніі. Таму што, мне здаецца, да запуску яе яшчэ досыць шмат трэба часу для падрыхтоўкі. Яна яшчэ, на мой погляд, не гатова. Тым больш, што яшчэ не прыязджалі, у сувязі з каронавірусам, міжнародныя назіральнікі, якія павінны даць ацэнку. Гэта прадстаўнікі Магатэ, а таксама была дамоўленасць з Еўрапейскай камісіяй, еўрапейскія палітыкі і эксперты павінны прыехаць рабіць свае высновы.
Але яны пакуль не прыязджалі, – кажа Зміцер Кучук.
Да таго ж, сцвярджае кіраўнік Беларускай партыі Зялёныя, канчаткова не вырашана адно з галоўных пытанняў, – аб перапрацоўцы і захоўванні выкарыстанага ядзернага паліва.
Беларускае Радыё Рацыя