Зміцер Кучук: У такім рэжыме БелАЭС не павінна працаваць



Беларуская атамная электрастанцыя ў Астраўцы ніяк не можа пачаць працу пасля чарговага спынення рэактару.

І гэта чарговы трывожны сігнал, – сказаў у інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя кіраўнік Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук. Па яго словах, гэта першы выпадак спынення пасля таго, як АЭС была цалкам уведзена ў эксплуатацыю: 

– Да гэтага Міністэрства энергетыкі казала пра тое, што праходзяць нейкія выпрабаванні. І гэта наводзіць на думку пра тое, што сапраўды атамная станцыя схільная да нейкіх надзвычайных сітуацый. Не працуе як мае быць абсталяванне. Ёсць інфармацыя пра тое, што сапраўды выходзіць са строю генератар. І падобная надзвычайная сітуацыя была на Варонежскай АЭС, дзе таксама стаіць такі ж генератар. І ўсё гэта можа прывесці да сумнага выніку. Бо зразумела, такая гарачыня, энергетыка не вытрымлівае і якасць будавання АЭС сапраўды вельмі кепская. З атамам не жартуюць. І беларускаму боку трэба выстаўляць нейкія патрабаванні да „Росатома”. Але ўрад зараз не будзе сварыцца з Расеяй.

РР: А які радыяцыйны фон у раёне Астравецкай АЭС?

Зміцер Кучук: Цяжка сказаць, бо зразумела, што афіцыйную інфармацыю не дадуць. Але па нашых назіраннях, пакуль у норме. Але праблема не столькі ў радыяцыйным фоне, колькі ў вельмі частых надзвычайных сітуацыях. У такім рэжыме атамная станцыя не павінна працаваць. Калі яе ўжо сапраўды запусцілі, а да гэтага сем разоў рамантавалі, праводзілі выпрабаванні, і ізноў яна не працуе ў поўным маштабе. І калі зараз у Беларусі расце спажыванне электраэнергіі, і ў гэтыя пікавыя нагрузкі яна не выходзіць на поўную магутнасць, навошта тады яе будавалі?

Самым простым і слушым крокам было б закрыццё Астравецкай АЭС і спыненне гульняў з гэтым мірным атамам, якія невядома чым могуць скончыцца, – лічыць Зміцер Кучук.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя