Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг скараціўся на 1%
У студзені—кастрычніку 2019 года знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг у Беларусі склаў 68 млрд 665,3 млн долараў. Гэта на 1% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка Беларусі.
Экспарт тавараў і паслуг знізіўся на 1,6% і склаў 34 млрд 612,3 млн долараў ЗША, імпарт — на 0,3% да 34 млрд 53 млн долараў.
Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі склала 559,3 млн долараў. У студзені—кастрычніку 2018 года дадатнае сальда складала 1 млрд 29,1 млн долараў.
Паводле дадзеных Нацбанка, знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені—кастрычніку бягучага года скараціўся на 2,6% да 56 млрд 195,8 млн долараў. Экспарт тавараў знізіўся на 4% і склаў 26 млрд 830 млн долараў, імпарт — на 1,3% (29 млрд 365,8 млн долараў). Такім чынам, адмоўнае сальда гандлю таварамі склала 2 млрд 535,8 млн долараў (у студзені—кастрычніку мінулага года — мінус 1 млрд 798,1 млн долараў).
Знешнегандлёвы абарот паслуг за 10 месяцаў павялічыўся на 7,1% і дасягнуў 12 млрд 469,5 млн долараў. Пры гэтым экспарт паслуг вырас на 7,6% да 7 млрд 782,3 млн долараў, імпарт — на 6,4% да 4 млрд 687,2 млн. Дадатнае сальда знешняга гандлю паслугамі за студзень—кастрычнік склала 3 млрд 95,1 млн долараў супраць 2 млрд 827,2 млн у студзені—кастрычніку 2018-га.
Сітуацыя з экспартам няпростая і не можа задавальняць, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 15 кастрычніка на пасяджэнні прэзідыўма Савета міністраў, дзе разглядаліся пытанні нарошчвання і дыверсіфікацыі экспарту.
„Шмат пытанняў да міністраў, губернатараў, сур’ёзна недапрацоўвае Міністэрства замежных спраў і кіраўнікі замежных устаноў”, — заявіў Румас.
Не ўдаецца размеркаваць пароўну экспартныя пастаўкі паміж ЕАЭС, ЕС і іншымі краінамі. Павялічылася доля ЕАЭС, прасела доля Еўрапейскага саюза. Тут вялікі ўплыў мела нафта, асабліва ў частцы еўрапейскага рынку, аднак гэта не адзіная прычына, адзначыў Румас.
Кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў вырашэнні задачы краінавай дыверсіфікацыі экспарту найважнейшая роля адводзіцца замежным установам. Аднак з 57 у 37 замежных установах не выконваюцца даведзеныя заданні па экспарце тавараў, у 15 — другі год запар. „Па большасці з гэтых замежных устаноў няма аргументаваных тлумачэнняў, як і мер рэагавання з боку МЗС”, — дадаў Румас.
Распараджэннем прэзідэнта ад 20 мая персанальная адказнасць „за забеспячэнне эканамічнага росту краіны пераважна за кошт знешняга попыту” ўскладзеная на прэм’ер-міністра.