Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі зноў скараціўся



У студзені—кастрычніку 2020 года знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі склаў 57 млрд 928,6 млн долараў, што на 15,9% менш, чым за аналагічны перыяд 2019 года, сведчаць папярэднія звесткі Нацыянальнага банка.

Экспарт тавараў і паслуг знізіўся на 13,9% да 29 млрд 854,3 млн долараў, імпарт — на 18% да 28 млрд 74,3 млн долараў.

Дадатнае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі склала 1 млрд 780 млн долараў (у студзені—кастрычніку 2019 года дадатнае сальда было 454 млн долараў).

Знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені—кастрычніку скараціўся на 16,8% да 46 млрд 955,6 млн долараў. Экспарт тавараў знізіўся на 15,4% і склаў 22 млрд 786,3 млн долараў, імпарт — на 18% да 24 млрд 169,3 млн долараў. Адмоўнае сальда гандлю таварамі склала 1 млрд 383 млн долараў (у студзені—кастрычніку 2019 года — мінус 2 млрд 568,2 млн).

Знешнегандлёвы абарот паслуг за 10 месяцаў 2020 года знізіўся на 12,2% да 10 млрд 973 млн долараў. Экспарт паслуг зменшыўся на 8,9% і склаў 7 млрд 68 млн долараў, імпарт — на 17,5% да 3 млрд 905 млн. Дадатнае сальда склала 3 млрд 163 млн долараў супраць 3 млрд 22,2 млн у студзені—кастрычніку 2019-га.

Згодна з ацэнкай выканаўчага дырэктара аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслава Раманчука, нават паводле аптымістычнага сцэнара знешні гандаль таварамі па выніках 2020 года знізіцца на чвэрць. На яго ўплывае эпідэмія каранавіруса і палітычны крызіс у Беларусі.

belapan.by