Знешнегандлёвы тавараабарот Беларусі ў студзені скараціўся на 16,1%
Знешнегандлёвы абарот Беларусі за першы месяц 2020 года склаў 4 млрд 258,1 млн долараў, да ўзроўню студзеня 2019-га ён скараціўся ў бягучых цэнах на 16,1%, вынікае з дадзеных Белстата.
Экспарт тавараў склаў 2 млрд 56,3 млн (-16,6%), імпарт — 2 млрд 201,8 млн долараў (-15,6%).
Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за студзень 2020 года склала 145,5 млн долараў ЗША. Па выніках студзеня 2019 года сальда таксама было адмоўным — 141,7 млн долараў.
Знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС за студзень 2020 года склаў 2 млрд 142,9 млн долараў, што на 14,1% менш, чым за студзень 2019 года. Экспарт тавараў вырас на 8,3% да 1 млрд 29,1 млн, імпарт — знізіўся на 27,9% да 1 млрд 113,8 млн долараў. У гандлі з гэтымі краінамі сальда было адмоўным у 84,7 млн долараў (у студзені 2019 года — мінус 594,4 млн).
Узаемны тавараабарот з Расіяй, паводле дадзеных Белстата, за першы месяц 2020 года склаў 2 млрд 70,3 млн долараў (памяншэнне да ўзроўню студзеня 2019 года — 14,8%). Экспарт тавараў склаў 969,9 млн (на 8,6% больш), імпарт — 1 млрд 100,4 млн (на 28,4% менш). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй было роўнае 130,5 млн долараў (у студзені 2019 года — мінус 644,7 млн).
Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўрасаюза за студзень 2020 года склаў 802,1 млн долараў, зменшыўшыся да ўзроўню студзеня 2019 года на 33,8%. Экспарт тавараў склаўся ў 407,1 млн долараў (на 47,7% менш), імпарт — у 395 млн (на 8,7% менш). Сальда ў гандлі з краінамі ЕС было станоўчым і склала 12,1 млн долараў (у студзені 2019 года — станоўчае ў 346,3 млн).
У краіны па-за СНД экспарт у студзені знізіўся на 39,4% да 756,5 млн долараў, імпарт — вырас на 2,7% да 974,8 млн. У цэлым тавараабарот знізіўся на 21,2% да 1 млрд 731,3 млн долараў, а адмоўнае сальда складала 218,3 млн супраць станоўчага ў 297,9 млн долараў у студзені 2019 года.