Знешнегандлёвы тавараабарот Менска скараціўся на 1,5%
Знешнегандлёвы тавараабарот Менска за 2019 год склаў 27 млрд 915,6 млн долараў і скараціўся да ўзроўню 2018 года на 1,5% у наяўных цэнах, сведчаць звесткі галоўнага статыстычнага ўпраўлення сталіцы.
Экспарт тавараў скараціўся на 9,2% і склаў 11 млрд 416,6 млн долараў, імпарт — 16 млрд 499 млн (+4,6%).
Адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі за 2019 год склала 5 млрд 82,4 млн долараў ЗША. Паводле вынікаў 2018 года сальда таксама было адмоўным — 3 млрд 213,3 млн долараў, або на 1 млрд 869,1 млн менш.
Знешнегандлёвы абарот Менска з краінамі ЕАЭС за 2019 год склаў 12 млрд 207,7 млн долараў, што на 1,8% больш, чым за 2018 год. Экспарт тавараў вырас на 6% да 3 млрд 913,4 млн долараў, імпарт — знізіўся на 0,1% да 8 млрд 294,3 млн. У гандлі з гэтымі краінамі адмоўнае сальда склала 4 млрд 380,9 млн долараў (у 2018 годзе — мінус 4 млрд 606,3 млн).
Тавараабарот беларускай сталіцы з Расеяй за 2019 год склаў 11 млрд 824,9 млн долараў і вырас да ўзроўню 2018 года на 1%. Экспарт тавараў склаў 3 млрд 611,8 млн долараў (на 4% больш), імпарт — 8 млрд 213,1 млн (на 0,3% менш). Адмоўнае сальда ў гандлі з РФ склала 4 млрд 601,3 млн долараў (у 2018 годзе — мінус 4 млрд 762,8 млн).
Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўразвяза за 2019 год склаў 7 млрд 132,1 млн долараў, знізіўшыся да ўзроўню 2018 года на 13,8%. Экспарт тавараў — 3 млрд 900,2 млн долараў (на 25,2% менш), імпарт — 3 млрд 231,9 млн (на 5,6% больш). Дадатнае сальда ў гандлі з краінамі ЕС склала 668,3 млн долараў (у 2018 годзе — 2 млрд 154,7 млн).
У краіны па-за СНД экспарт у 2019 годзе знізіўся на 20,2% да 4 млрд 586,7 млн долараў, імпарт — вырас на 10,2% да 7 млрд 482,6 млн. У цэлым тавараабарот знізіўся на 3,7% да 12 млрд 69,3 млн долараў, а адмоўнае сальда склала 2 млрд 895,9 млн супраць адмоўнага ў 1 млрд 41,2 млн у 2018 годзе.
Значнае адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў сталіцы звязанае з размяшчэннем буйных імпарцёраў, заявіў на прэс-канферэнцыі ў ліпені мінулага года старшыня камітэта эканомікі Менгарвыканкама Уладзімір Навумовіч. „Сапраўды, у горада ёсць такая праблема — значнае адмоўнае сальда. Калі паглядзець на яго структуру, то становіцца ясна. У горадзе ёсць буйныя імпарцёры, якія закупляюць прадукцыю і рэалізуюць на ўсю рэспубліку: буйныя сеткавыя крамы бытавой электронікі, найбуйнейшыя імпарцёры прадукцыі легпрама, мабільных тэлефонаў і іншых тавараў. Яны пераважаюць у адмоўным сальда”, — растлумачыў Навумовіч.
Ён адзначыў, што перад горадам стаіць задача па дыверсіфікацыі экспарту. „Распрацаваныя адпаведныя планы, прапрацаваныя гэтыя моманты з прадпрыемствамі”, — сказаў чыноўнік.