Знешні доўг Беларусі дасягнуў 13 млрд. долараў



Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 красавіка 2016 года склаў 362,2 трлн. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года на 33,7 трлн. рублёў, або на 10,2%, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Пры гэтым знешні дзяржаўны доўг па стане на 1 красавіка склаў 13 млрд. долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 528 млн. долараў (з улікам курсавых розніцаў), або на 4,2%. Апошні раз мяжу ў 13 млрд. долараў аб’ём знешняга дзярждоўгу Беларусі дасягаў ў 2014 годзе. Згодна са звесткамі Мінфіну, у студзені — сакавіку 2016 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 686,5 млн. долараў ЗША: 500 млн. долараў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 88 млн. долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 87,4 млн. долараў — банкаў КНР; 11,1 млн. долараў — МБРР. Нагадаем, за 2015 год дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь вырас на 131,1 трлн. рублёў, або на 66,4%, і на 1 студзеня 2016 года склаў 328,6 трлн. рублёў. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 студзеня 2016 года склаў 12,4 млрд. долараў

БелаПАН