Знешні дзяржаўны доўг Беларусі абнавіў гістарычны максімум



Знешні дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся з пачатку 2017 года на 2,9 млрд долараў, або на 21,4%, і па стане на 1 лістапада дасягнуў 16,6 млрд долараў, што з’яўляецца новым гістарычным максімумам.

Згодна са звесткамі Міністэрства фінансаў, у студзені—кастрычніку прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 3 млрд 703,1 млн долараў ЗША: 1.400 млн — еўрааблігацыі; 1.151,2 млн — урад і банкі Расейскай Федэрацыі; 800 млн — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 214,6 млн — банкі КНР; 132,5 млн — МБРР; 4,8 млн — ЕБРР і Паўночны інвестыцыйны банк.

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2017 года накіравана 849,5 млн долараў ЗША: 301,8 млн — урад Расіі; 264,8 млн — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 221,3 млн — банкі КНР; 60,4 млн — МБРР; 0,7 млн — ЗША; 0,5 млн — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзярждоўг на 1 лістапада склаў 9,2 млрд рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 1 млрд рублёў, або на 10,1%. За студзень—кастрычнік размешчана ўнутраных валютных дзяржаблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 418,1 млн долараў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1.094,8 млн долараў і 186,3 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 лістапада склаў 41,9 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 4,9 млрд рублёў, або на 13,3%.

У адносінах да ВУП знешні дзярждоўг на 1 лістапада дасягнуў 31%. З улікам унутраных абавязацельстваў памер дзярждоўгу склаў на 1 лістапада 39,8% да ВУП. Улады раней зацвердзілі параметр эканамічнай бяспекі, згодна з якім дзярждоўг не павінен перавышаць 45% ВУП.

Беларускія эканамісты занепакоеныя пастаянным ростам дзяржаўнага доўгу і не выключаюць, што ў будучыні яго памер можа перавысіць парогавае значэнне. Адсутнасць рэформаў у рэальным сектары фармуе боязь у экспертаў, што ў будучыні праблемы дзяржпрадпрыемстваў могуць канверсавацца ў рост дзяржаўнага доўгу, як гэта ўжо было ў 2015—2016 гадах.

Пры гэтым эканамісты лічаць, што перавышаць парогавы ўзровень дзярждоўгу непажадана, бо ў гэтым выпадку складанасці з яго абслугоўваннем і пагашэннем могуць узрасці.

belapan.com