Знешні дзяржаўны доўг Беларусі скараціўся з пачатку года толькі на 1%



Знешні дзяржаўны доўг Беларусі паменшыўся з пачатку 2018 года на 179 млн долараў, або на 1,1%, і на 1 жніўня склаў 16,5 млрд долараў ЗША, паведамляе Міністэрства фінансаў.

У студзені—ліпені прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд 506,9 млн долараў ЗША: 600 млн долараў — еўрааблігацыі; 515,1 млн долараў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 302,5 млн долараў — банкаў КНР; 86,0 млн долараў — Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР); 3,3 млн долараў — Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Паўночнага індустрыяльнага банка (ПІБ).

Пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2018 года склала 1 млрд 592,2 млн долараў ЗША: 800 млн долараў — еўрааблігацыі; 337,7 млн долараў — банкі КНР; 244,3 млн долараў — урад Расейскай Федэрацыі; 176,6 млн долараў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР); 32,5 млн долараў — МБРР; 0,7 млн долараў — ЗША; 0,4 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзяржаўны доўг на 1 жніўня 2018 года склаў 9,2 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 16,5 млн рублёў, або на 0,2%.

За студзень—ліпень 2018 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 264,9 млн долараў ЗША. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 240,3 млн долараў ЗША і 23,1 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Беларусі на 1 жніўня склаў 42,1 млрд рублёў і зменшыўся ў параўнанні з пачаткам 2018 года на 23,8 млн рублёў, або на 0,1%.

Як паведамляў БелаПАН, паводле дадзеных Мінфіна, Беларусь у 2019—2025 гадах плануе накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд долараў. Дзярждоўг, які расце, лёг цяжарам для рэспубліканскага бюджэту, заявіў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы 27 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў з дакладам аб выкананні бюджэту ў мінулым годзе.

„У пачатку года сума доўгу перавысіла 42 млрд рублёў, што больш чым у два разы больш за паступленні рэспубліканскага бюджэту. Нягледзячы на тое што дзяржаўная запазычанасць на пачатак года склала 39% да ВУП і не перавысіла парогавага значэння (45% да ВУП), выдаткі па абслугоўванні дзярждоўгу пастаянна павялічваюцца, цяжарам кладуцца на рэспубліканскі бюджэт”, — заявіў Курлыпа.

Выступаючы 24 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада і Нацбанка ў бліжэйшыя гады перарасці даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. „Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

БелаПАН