Знешні дзярждоўг Беларусі дасягнуў 13,5 млрд даляраў



Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 лістапада склаў 35,5 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2016 года на 2,6 млрд рублёў, або на 8%, сведчаць дадзеныя Міністэрства фінансаў.

Мінфін

Фота sputnik.by

Пры гэтым знешні дзярждоўг па стане на 1 лістапада склаў 13,5 млрд даляраў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 1 млрд 19,1 млн даляраў, або на 8,2%.

Паводле дадзеных Мінфіна, у студзені—кастрычніку 2016 года прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд 613,7 млн даляраў ЗША: 800 млн даляраў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 393,2 млн даляраў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 313,2 млн даляраў — банкаў КНР; 105,5 млн даляраў — МБРР; 1,8 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ.

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2016 года накіравана 719,2 даляраў — ЗША: 264,8 млн даляраў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 237,5 млн даляраў — урада Расейскай Федэрацыі; 166,7 млн даляраў — банкаў КНР; 49,4 млн даляраў — МБРР; 0,7 млн даляраў — ЗША; 0,1 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 лістапада 2016 года склаў 9,8 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 0,1 млрд рублёў, або на 0,5%.

За студзень—кастрычнік 2016 года размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд. 374,6 млн даляраў ЗША і 526,9 млн рублёў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд 419 млн даляраў і 599,2 млн рублёў.

На думку шэрагу экспертаў, у беларускага ўрада няма іншых крыніц пагашэння даўгоў, акрамя знешніх запазычанняў. У 2017 годзе неабходна накіраваць на пагашэнне дзяржаўнага доўгу 5 млрд 232,2 млн рублёў. Пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце складзе 2 млрд 311 млн даляраў ЗША.

Пры гэтым у 2017 годзе плануецца прыцягнуць 1 млрд ў 860 млн даляраў ЗША (4 млрд 83,4 млн рублёў): за кошт трох траншаў крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця — 700 млн даляраў, выпуску еўрааблігацый — 800 млн даляраў, выпуску ўнутраных дзяржаблігацый — 360 млн даляраў.

Нагадаем, за 2015 год дзяржаўны доўг Беларусі вырас на 131,1 трлн рублёў, або на 66,4%, і на 1 студзеня 2016 года склаў 328,6 трлн. рублёў. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 студзеня 2016 года склаў 12,4 млрд даляраў ЗША, зменшыўшыся з пачатку 2015 года на 133,9 млн даляраў (з улікам курсавых розніц), або на 1,1%. Ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусі на 2016 год устаноўлены ў 17 млрд даляраў — гэта прадугледжана законам аб бюджэце. Ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу на 2016 год устаноўлены ў 115 трлн. рублёў.

belapan.by