Знешні дзярждоўг Беларусі дасягнуў 13,3 млрд даляраў



Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 жніўня 2016 года склаў 35,9 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам года на 3 млрд рублёў, або на 9,3%, паведамляе Міністэрства фінансаў. Знешні дзярждоўг на 1 жніўня 2016 года склаў 13,3 млрд даляраў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 847 млн даляраў (з улікам курсавых розніц), або на 6,8%.

У студзені—ліпені былі прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд 303,4 млн даляраў: 800 млн даляраў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 276,9 млн даляраў — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 179,5 млн даляраў — банкаў КНР; 46,6 млн долараў — Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР); 0,4 млн долараў — Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2016 года склала 525,8 млн долараў: 176,6 млн даляраў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 162,5 млн долараў — урад Расейскай Федэрацыі; 165,6 млн. долараў — банкі КНР; 20,4 млн долараў — МБРР; 0,7 млн даляраў — ЗША.

Згодна са звесткамі Мінфіна, унутраны дзяржаўны доўг на 1 жніўня склаў 9,4 млрд рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 0,4 рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 3,8%.

За студзень—ліпень было размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 670,1 млн даляраў ЗША і 493,1 млн рублёў. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1.136,0 млн даляраў ЗША і 596,2 млн рублёў.

Звесткі дадзеныя з улікам дэнамінацыі.

Нагадаем, за 2015 год дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь вырас на 131,1 трлн рублёў, або на 66,4%, і на 1 студзеня 2016 года склаў 328,6 трлн.

Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 студзеня 2016 года склаў 12,4 млрд даляраў ЗША, зменшыўшыся з пачатку 2015 года на 133,9 млн долараў (з улікам курсавых розніц), або на 1,1%.

Ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусі на 2016 год устаноўлены ў 17 млрд даляраў — гэта прадугледжана законам аб бюджэце. Ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу ўстаноўлены на 2016 год у 115 трлн рублёў.

belapan.by