Знешні дзярждоўг Беларусі вырас амаль на чвэрць
Знешні дзяржаўны доўг Беларусі ў 2017 годзе вырас на 3,1 млрд долараў, або на 22,6%, і склаў 16,7 млрд долараў ЗША, паведамляе Міністэрства фінансаў.
У студзені—снежні 2017 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 4 млрд 40,7 млн долараў ЗША: 1.400,0 млн долараў — еўрааблігацыі; 1.309,5 млн долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 800,0 млн долараў — Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця; 306,6 млн долараў — банкаў КНР; 159,4 млн долараў — Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР); 65,2 млн долараў — Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Паўночнага інвестыцыйнага банка (ПІБ).
На пагашэнне знешняга дзярждоўгу ў мінулым годзе было накіравана 1 млрд 29,4 млн долараў ЗША: 364,3 млн долараў — урад РФ; 353,1 млн долараў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 245,8 млн долараў — банкі КНР; 62,1 млн долараў — МБРР; 3,6 мільёна долараў — ЗША; 0,5 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.
Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 студзеня 2018 года склаў 9,2 млрд рублёў, зменшыўшыся за год на 1,1 млрд рублёў, або на 10,3%. У студзені—снежні было размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 449,9 млн долараў ЗША і 200,0 млн рублёў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1.290,6 млн долараў ЗША і 189,7 млн рублёў.
У цэлым дзяржаўны доўг Беларусі на 1 студзеня 2018 года склаў 42,2 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 5,2 млрд рублёў, або на 14,1%.
У 2018 годзе з улікам плацяжоў па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу Беларусь павінна вярнуць крэдыторам за год каля 8 млрд рублёў.
Практычна ўсе даўгавыя абавязацельствы краіны сфармаваныя ў замежнай валюце — валютныя выплаты па дзярждоўгу ў 2018 годзе ўлады ацэньваюць у 3,8 млрд долараў. Асноўныя выплаты маюцца быць перад знешнімі крэдыторамі. У 2018 годзе плацяжы па знешнім дзярждоўгу складуць каля 3,1 млрд долараў.
Паводле інфармацыі БелаПАН, сёлета Беларусь павінна выплаціць Расеі (з улікам абслугоўвання і пагашэння доўгу) 1 млрд 7,5 млн долараў, Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) — 475,7 млн даляраў. Акрамя гэтага, на выплату крэдытаў банкаў Кітая трэба будзе накіраваць 563,4 млн долараў. Каля мільярда долараў трэба будзе выплаціць заходнім крэдыторам, у тым ліку ўладальнікам беларускіх еўрааблігацый — 936,6 млн долараў, Сусветнаму банку — 95,3 млн долараў.
На 1 студзеня 2018 года дзяржаўны доўг Беларусі склаў 39,3% да ВУП. Міністэрства фінансаў не выключае, што да канца 2018 года гэты паказчык можа павялічыцца да 44,5% (пра гэта міністр фінансаў казаў у снежні, выступаючы ў парламенце). Пры гэтым парогавае значэнне ўзроўню дзярждоўгу вызначана ў Беларусі на ўзроўні 45%.
Такім чынам, велічыня дзярждоўгу можа наблізіцца да максімальнага значэння за ўсю суверэнную гісторыю краіны.