Знешні дзярждоўг Беларусі вырас на 2,9 млрд даляраў



Знешні дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся з пачатку 2017 года на 2,9 млрд даляраў, або на 21,3%, і на 1 снежня склаў 16,6 млрд даляраў ЗША, паведамляе Міністэрства фінансаў.

У студзені—лістападзе 2017 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 3 млрд 769 млн даляраў ЗША: 1 млрд 400 млн даляраў — еўрааблігацыі; 1 млрд 194,4 млн даляраў — урад і банкі Расейскай Федэрацыі; 800 млн даляраў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 227,8 млн даляраў — банкі КНР; 141,2 млн долараў — Сусветны банк; 5,6 млн даляраў — ЕБРР і Паўночны інвестыцыйны банк (ПІБ).

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку года накіравана 915,2 млн даляраў ЗША: 339,3 млн даляраў — урад Расейскай Федэрацыі; 264,8 млн даляраў — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 245,8 млн даляраў— банкі КНР; 62,1 млн даляраў — Сусветны банк; 2,7 млн даляраў — ЗША; 0,5 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзярждоўг на 1 снежня 2017 года склаў 9,1 млрд рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 1,1 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 11,1%. За студзень—лістапад 2017 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 419,9 млн даляраў ЗША. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд 248,6 млн долараў і 189,7 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 снежня склаў 42,3 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 5,3 млрд рублёў, або на 14,4%.

Беларускія эканамісты неаднаразова выказвалі занепакоенасць пастаянным ростам дзяржаўнага доўгу і не выключаюць, што ў будучыні яго памер можа перавысіць межавае значэнне. Адсутнасць рэформаў у рэальным сектары фармуе асцярогі экспертаў, што ў перспектыве праблемы дзяржпрадпрыемстваў могуць канверсавацца ў рост дзяржаўнага доўгу, як гэта ўжо было ў 2015—2016 гадах. Пры гэтым эканамісты лічаць, што перавышаць межавы ўзровень дзярждоўгу непажадана, бо ў гэтым выпадку складанасці з яго абслугоўваннем і пагашэннем могуць узрасці.

Між тым у 2018 годзе плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу Беларусі чакаюцца на ўзроўні 3,7 млрд даляраў (супраць 3,4 млрд у 2017 годзе). У тым ліку прыблізна 2,5 млрд даляраў валютнага дзяржаўнага доўгу неабходна пагасіць, яшчэ больш за 1,2 млрд долараў — накіраваць на яго абслугоўванне.

Міністэрства фінансаў раней канстатавала, што бюджэт нясе вялікую нагрузку, звязаную з выплатамі па даўгах. У першай палове 2017 года на абслугоўванне дзярждоўгу было накіраванае 12% ад сукупных расходаў рэспубліканскага бюджэту.

belapan.com