Знешні дзярждоўг Беларусі зменшыўся з пачатку года на 0,6%, унутраны — вырас на 16,4%



Дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2021 года на 0,4 млрд рублёў, або на 0,7%, і на 1 ліпеня склаў 58,2 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Знешні дзярждоўг на 1 ліпеня склаў 18,5 млрд даляраў ЗША, зменшыўшыся з пачатку года на 0,1 млрд даляраў ЗША (з улікам курсавых розніц), або на 0,6%.

У студзені—чэрвені прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 729,3 млн даляраў ЗША: 629 млн долараў — урада Расейскай Федэрацыі; 82,5 млн даляраў — МБРР; 14,9 млн даляраў — Экспартна-імпартнага банка Кітая; 2,9 млн даляраў — ЕБРР і Паўночнага інвестыцыйнага банка.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу ў студзені—чэрвені склала 881,2 млн даляраў ЗША: 364,5 млн даляраў — ураду і банкам Расейскай Федэрацыі; 214,4 млн даляраў — банкам Кітая; 238,5 млн даляраў — ЕФСР; 59,9 млн даляраў — МБРР; 3,2 млн даляраў — ЕБРР і ПІБ; 0,7 млн даляраў — Таварна-крэдытнай карпарацыі ЗША.

Унутраны дзярждоўг на 1 ліпеня склаў 11,5 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 1,6 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 16,4%.

У студзені—чэрвені размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 747,7 млн даляраў ЗША і 137 млн рублёў. Кампенсавана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на суму, эквівалентную 26,1 млн долараў ЗША і 92,2 млн рублёў.

Паводле прагнозу міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch, дзяржаўны доўг Беларусі (з улікам дадзеных дзяржгарантый) за 2021 год вырасце з 48,4% да 51,7% ВУП, у 2022-м — да 53,3% ВУП, а ў 2025 годзе дасягне 60,3% ВУП.

Паводле дадзеных Fitch, якія заснаваныя на звестках Міністэрства фінансаў, у 2021 годзе плацяжы Беларусі па дзярждоўгу складуць каля 3,6 млрд даляраў, у 2022-м яна павінна вярнуць крэдыторам 3,4 млрд даляраў, у 2023-м — 4,1 млрд, у 2024-м — 3,3 млрд, у 2025-м — 3,1 млрд даляраў.

У 2020 годзе дзярждоўг Беларусі павялічыўся на 13 млрд рублёў, або на 29%, і на 1 студзеня 2021 года склаў 57,8 млрд рублёў, або 37,3% да ВУП.

Урад Беларусі ў 2021—2025 гадах мае намер утрымліваць узровень дзярждоўгу не большым за 40% да ВУП.

belapan.by