Знешні дзярждоўг вырас з пачатку года на 1,9 млрд даляраў



Знешні дзяржаўны доўг на 1 ліпеня 2017 года склаў 15,6 млрд даляраў ЗША і павялічыўся з пачатку года на 1,9 млрд (з улікам курсавых розніц), або на 14,2%, паведаміла Міністэрства фінансаў.

У студзені—чэрвені 2017 года прыцягнутыя знешнія дзяржаўныя пазыкі на 2 млрд 404 млн даляраў: 1 млрд 400 млн — еўрааблігацыі; 600 млн — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 247,2 млн — урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 83,5 млн — банкаў КНР; 70,4 млн — МБРР; 2,9 млн — ЕБРР і СІБ.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу з пачатку 2017 года склала 508 млн даляраў ЗША: 182,1 млн — урад РФ; 176,6 млн — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 117,2 млн — банкі КНР; 31,2 млн — МБРР; 0,7 млн — ЗША; 0,2 млн — ЕБРР і СІБ.

Унутраны дзяржаўны доўг на 1 ліпеня 2017 года склаў 9,6 млрд рублёў, скараціўшыся з пачатку года на 0,7 млрд рублёў (з улікам курсавых розніц), або на 6,6%.

За студзень—чэрвень 2017 года размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 406,7 млн долараў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 849,1 млн даляраў і 60,5 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Беларусі на 1 ліпеня 2017 года склаў 39,7 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 2,7 млрд, або на 7,4%.

Дзярждоўг Беларусі (у адносінах да ВУП) набліжаецца да парога эканамічнай бяспекі — 45% ВУП.

Як паведамлялася, у 2018 годзе Беларусі трэба накіраваць на выплаты па дзярждоўгу 3,7 млрд даляраў (супраць 3,4 млрд у 2017-м). Згодна са звесткамі Мінфіна, плацяжы па дзярждоўгу ў расходах бюджэту за 2010—2016 гады павялічыліся з 2 да 10%.

Пастаянны рост дзяржаўнага доўгу стаў „найважнейшай праблемай для бюджэту”, заявіў намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 21 чэрвеня. „За 2016 год дзярждоўг павялічыўся на 4,1 млрд рублёў і на пачатак гэтага года складаў 37 млрд рублёў, што ўдвая больш за даходы рэспубліканскага бюджэту”, — падкрэсліў ён.

Курлыпа адзначыў, што нарошчванне дзярждоўгу вядзе да павелічэння цяжару на рэспубліканскі бюджэт. „Выдаткі бюджэту толькі на абслугоўванне дзярждоўгу ў 2016 годзе склалі 1,7 млрд рублёў і павялічыліся ў параўнанні з пазамінулым годам на 401,3 млн рублёў, або на 30%”, — канстатаваў намеснік кіраўніка КДК.

Ён звярнуў увагу, што бюджэт на працягу шэрагу апошніх гадоў фармуецца з прафіцытам, і гэта, „згодна з логікай, павінна прыводзіць да зніжэння велічыні дзярждоўгу, аднак фактычна ён павялічваецца”.

belapan.com