Знешні гандаль таварамі і паслугамі ў студзені – чэрвені знізіўся на 2,5%



У студзені—чэрвені 2019 года ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага Беларусь знізіла знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг — на 2,5% да 39 млрд 673 млн долараў, паведамляе Нацыянальны банк.

Экспарт тавараў і паслуг знізіўся на 2,8% і склаў 19 млрд 973,4 млн долараў ЗША, імпарт — на 2,2% да 19 млрд 663,6 млн долараў.

Дадатнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі Беларусі склалася на ўзроўні 309,8 млн долараў. У студзені—чэрвені 2018 года дадатнае сальда складала 430,3 млн долараў.

Згодна са звесткамі Нацбанка, знешнегандлёвы абарот тавараў у студзені—чэрвені гэтага года скараціўся на 3,5% да 32 млрд 750,2 млн долараў. Экспарт тавараў знізіўся на 4,4% і склаў 15 млрд 622,8 млн долараў, імпарт — на 2,7% (17 млрд 127,4 млн). Такім чынам, адмоўнае сальда гандлю таварамі склала 1 млрд 504,6 млн долараў (у студзені—чэрвені мінулага года — мінус 1 млрд 257,6 млн долараў).

Знешнегандлёвы абарот паслуг за паўгоддзе павялічыўся на 2,6% і дасягнуў 6 млрд 886,8 млн долараў. Пры гэтым экспарт паслуг вырас на 3,5% да 4 млрд 350,6 млн долараў, імпарт — на 0,9% да 2 млрд 536,2 млн. Станоўчае сальда знешняга гандлю паслугамі за шэсць месяцаў склала 1 млрд 814,4 млн долараў супраць 1 млрд 687,9 млн у студзені—чэрвені 2018-га.

Распараджэннем кіраўніка дзяржавы ад 20 мая персанальная адказнасць „за забеспячэнне эканамічнага росту краіны пераважна за кошт знешняга попыту” ўскладзеная на прэм’ер-міністра Сяргея Румаса. Крытэрыем эфектыўнай экспартнай дзейнасці будзе з’яўляцца забеспячэнне таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі паставак, а таксама нарошчванне экспарту тавараў і паслуг тэмпамі, што апераджаюць рост імпарту.

22 мая на пасяджэнні Савета міністраў, падчас якога разглядалася праца эканомікі, Румас заявіў аб неабходнасці выправіць паводле вынікаў першага паўгоддзя сітуацыю з экспартам тавараў і паслуг.

belapan.by