Зніжана стаўка рэфінансавання
14 лютага стаўка рэфінансавання ў Беларусі зніжаная з 11 да 10,5% гадавых, стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці — з 12 да 11,75% гадавых. Такое рашэнне прыняло праўленне Нацыянальнага банка.
Гэта першае зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў 2018 годзе. Летась Нацбанк зніжаў стаўку восем разоў. Апошняе рашэнне пра яе памяншэнне з 11,5 да 11% набыло моц 18 кастрычніка.
Як адзначаюць у галоўным банку краіны, чарговае рашэнне пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання прынятае з улікам існуючага і прагнознага ўзроўню інфляцыі, працягу аднаўленчага росту эканомікі, а таксама спрыяльных тэндэнцый на знешніх рынках.
