Знізіліся стаўкі па крэдытах насельніцтва



Стаўкі па крэдытах для фізічных асоб знізіліся ў чэрвені 2017 года да мінімальнага значэння са снежня 2006 года, сведчаць даныя Нацыянальнага банка.

Паводле звестак рэгулятара, у чэрвені сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах для фізічных асоб на тэрмін да года склала 13,7% гадавых. Гэта мінімальнае значэнне ўзроўню працэнтнай стаўкі па крэдытах фізічных асоб са снежня 2006 года. Тады на фоне зніжэння інфляцыі яна складала 13,4%.

Як сведчаць даныя Нацбанка, у 20162017 гадах назіраецца ўстойлівае зніжэнне ўсіх працэнтных ставак грашовага рынку, у тым ліку працэнтных ставак па крэдытах насельніцтва. Так, за 2016 год працэнтныя стаўкі па крэдытах фізічных асоб (на тэрмін да года) апусціліся з 28,1% да 18,5%, за першую палову 2017 года — з 19,3% да 13,7%.

На фоне пастаяннага зніжэння працэнтных ставак актывізавалася спажывецкае крэдытаванне насельніцтва. Паводле даных Нацбанка, за студзеньмай 2017-га абём выдадзеных спажывецкіх крэдытаў вырас на 17% і перавысіў 2 млрд рублёў.

„Насельніцтва не хоча зніжаць узровень спажывання, таму істотнае зніжэнне працэнтных ставак прыводзіць сёлета да росту попыту на спажывецкія крэдыты. Працэнтныя стаўкі па крэдытных рэсурсах працягваюць ісці ўніз, і гэта толькі разагравае рынак спажывецкага крэдытавання”, — растлумачыў БелаПАН сітуацыю на рынку эксперт у банкаўскіх колах.

Аналітыкі фінансавага рынку таксама чакаюць, што рост абёмаў спажывецкага крэдытавання працягнецца.

„З лютага гэтага года даходы насельніцтва і ў намінальным, і ў рэальным выражэнні растуць, і магчымасці насельніцтва браць крэдыты павышаюцца. Рост спажывецкага крэдытавання працягнецца, пакуль не будуць ахопленыя ўсе плацежаздольныя катэгорыі пазычальнікаў”, — лічыць старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

Паводле інфармацыі БелаПАН, лідарамі на рынку спажывецкага крэдытавання выступаюць тры беларускія банкі — „Прыёрбанк”, „Беларусбанк” і „МТБанк”, на долю якіх прыпадае больш за 40% крэдытаў, выдадзеных на спажывецкія патрэбы.

Паведамляе БелаПАН