Зноў нафтава-нафталінавая вайна?



«Транснафта» называе парушэннем раптоўнае пазапланавае падвышэнне Беларуссю тарыфаў  на транспартаванне нафты, кампанія праінфармавала пра сітуацыю Федэральную антыманапольную службу (ФАС) РФ, паведаміў РІА Навіны дарадца прэзідэнта кампаніі Ігар Дзёмін.

«Зараз расейскі бок па сутнасці паставілі ў вядомасць пра аднабакова прынятую пастанову, што парушае дзейныя дамоўленасці – як палажэнні міжурадавага пагаднення, так і ўзгодненую методыку змянення тарыфаў», – сказаў Дзёмін.

Ён растлумачыў, што пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2016 года тарыфы на транзіт расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі былі падвышаныя ў сярэднім на 50%. Пастанова ўваходзіць у дзеянне з 11 кастрычніка 2016 года.

«Ні АТ “Гомельтранснафта Дружба”, ні АТ “Полацктранснафта Дружба” не накіроўвалі ў ПАО “Транснафта” запыты пра пазапланавае змяненне тарыфаў на транзіт расейскай нафты па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. ПАО “Транснафта” праінфармавала ФАС Расеі пра парушэнні беларускага боку», – сказаў Дзёмін.

„Рэзкае падвышэнне цэнаў на транзіт адбываецца на фоне спрэчкі паміж Масквой і Менскам з-за цаны расейскага газу для Беларусі і гэта безумоўна ўказвае на палітычнае супрацьстаянне дзвюх краін” – сказаў у каментары для „Эхо Москвы” беларускі палітолаг і аналітык Аляксандар Класкоўскі.

Апошні раз тарыфы на транспартаванне расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі падвышаліся 1 лютага 2016 году.

Беларускае Радыё Рацыя

фота Глеб Щелкунов/Коммерсантъ