Зноў выраслі цэны на аўтамабільнае паліва
26 мая ў Беларусі рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва выраслі на 1 капейку і складаюць: АІ-92-К5-Еўра — 1,57 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,68 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,89 рубля, ДП — 1,68 рубля.
Дзяржаўны канцэрн „Белнафтахім” чатырнаццатае па ліку з пачатку года павышэнне цэн на паліва тлумачыць ростам кошту нафты на сусветным рынку.
„Пры некаторым зніжэнні каціровак нафты маркі Brent у апошнія некалькі дзён сярэдняе значэнне каціровак з 1 па 23 мая склала каля 72 долараў ЗША за бараль, то бок павялічылася да ўзроўню студзеня 2019 года на 21%. Цана расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, з улікам умацавання курсу беларускага рубля павялічылася за гэты перыяд на 18,6%”, — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.
Як адзначае „Белнафтахім”, у такіх умовах з мэтай кампенсацыі росту затрат НПЗ і падтрымання іх фінансавай устойлівасці працягваецца рэалізацыя абранай канцэрнам стратэгіі паэтапнага змянення цэн на нафтапрадукты.
„З пачатку 2019 года цэны на АЗС у Беларусі павялічыліся на 8,45%. Нават пасля падвышэння цэн кошт беларускага маторнага паліва застаецца на больш нізкім узроўні, чым у сумежных дзяржавах, акрамя Расейскай Федэрацыі, якая мае дастатковыя запасы ўласнай вуглевадароднай сыравіны”, — падкрэсліваюць у канцэрне.
Так, паводле дадзеных „Белнафтахіма” на 24 мая, цана бензіну і дызельнага паліва ва Украіне на 40—48%, а ў Прыбалтыцы і Польшчы — на 58—80% вышэйшая, чым у Беларусі.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ аўтамабільнае паліва ў Беларусі практычна штотыдзень падымаецца ў цане другі год. Сёлета „Белнафтахім” ужо трынаццаць разоў падвышаў кошт паліва — кожны раз на капейку.