Зняцце паказанняў усіх лічыльнікаў у жылых дамах аўтаматызуюць



Плануецца цалкам аўтаматызаваць зняцце паказанняў усіх лічыльнікаў расходу вады, цяпла, газу і электраэнергіі ў жылых дамах. Пра гэта 13 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў начальнік упраўлення па працы са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Аксціловіч.

Паводле яго слоў, пад кіраўніцтвам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі створана рабочая група для стварэння ўніфікаванай платформы кантролю сродкаў вымярэнняў для дыстанцыйнага зняцця паказанняў лічыльнікаў. „Вызначаныя асноўныя напрамкі, у прыватнасці плануецца разгледзець і вызначыць механізм замены ўсяго парку індывідуальных лічыльнікаў расходу гарачай і халоднай вады на прыборы з дыстанцыйным здыманнем. Пакуль рана казаць пра тэрміны. Таксама неабходна правесці падрыхтоўку усёй нарматыўнай базы, якая дазволіць ажыццяўляць зняцце паказання, разлік і налічэнне платы”, — паведаміў Аксціловіч. Пры гэтым ён заўважыў, што лічыльнікамі вады і цяпла абсталявана 98% жылога фонду.

„Абмяркоўваецца комплексны падыход укаранення ўніфікаванай сістэмы, якая дазволіць збіраць дадзеныя з усіх прыбораў уліку: групавыя лічыльнікі расходу цяпла, электраэнергіі, вады, індывідуальныя лічыльнікі расходу газу, электраэнергіі, вады і цяпла”, — адзначыў начальнік упраўлення.

Ён паведаміў, што сёння ў Менску падчас эксперыменту сучасныя лічыльнікі зняцця паказанняў расходу вады ўсталяваныя ў шасці шматкватэрных дамах. „Эксперымент праходзіць паспяхова. Падчас яго і была выяўленая неабходнасць стварэння новай нарматыўнай базы”, — сказаў ён.

belapan.by