Узбекістан стаў адным з асноўных пакупнікоў самазвалаў БелАЗ
За шэсць месяцаў 2019 года ва Узбекістан адгружана 49 адзінак тэхнікі, якую выпусціў холдынг БелАЗ. Такія лічбы агучыла прэс-служба прадпрыемства напярэдадні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.
Раней паведамлялася, што ў 2019 годзе ў гэтую краіну плануецца адгрузіць 95 адзінак кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю ад 45 т да 220-240 т і спецтэхнікі.
Кіраўнік БелАЗ Пётр Пархомчык называў кантракт на 2017-2018 гады рэкордным за ўсю шматгадовую гісторыю супрацоўніцтва з горназдабыўнымі прадпрыемствамі Узбекістана.
З 2020 па 2023 год жодзінскі гігант планаваў паставіць ва Узбекістан каля 200 самазвалаў.
У цяперашні час парк карʼернай тэхнікі БелАЗ у гэтай сярэднеазіяцкай краіне налічвае 828 машын. Сярод асноўных спажыўцоў белазаўскай тэхнікі буйныя шматпрофільныя прадпрыемствы – Наваіцкі і Алмалыцкі горна-металургічныя камбінаты, «Узбекуголь». Узбекскія ГМК спецыялізуюцца на здабычы каштоўных металаў. НГМК зʼяўляецца асноўным вытворцам золата і ўрану ва Узбекістане, Алмалыцкі ГМК – медзі.
На працягу доўгага часу Узбекістан стабільна ўваходзіць у першую тройку знешнегандлёвых партнёраў Беларускага аўтамабільнага завода.