Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі 7,4 млрд даляраў



Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 снежня склалі 7 млрд 439,9 млн даляраў ЗША і павялічыліся за лістапад на 4,7%, паведамляе Нацыянальны банк.

„За лістапад 2018 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 323,3 млн даляраў ЗША (на 4,7%) пасля росту ў кастрычніку 2018 года на 181,3 млн даляраў ЗША (на 2,6%)”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згодна са звесткамі рэгулятара, павелічэнню міжнародных рэзервовых актываў у лістападзе спрыялі валютныя паступленні ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, купля замежнай валюты на ўнутраным рынку, паступленне сродкаў ад продажу дзяржаблігацый.

„Урадам і Нацыянальным банкам у лістападзе выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму прыкладна 150 млн даляраў ЗША”, — паведамляе Нацбанк.

У банку нагадваюць, што з улікам неабходнасці выплат па ўнутраным і знешнім дзярждоўгу золатавалютныя рэзервы, згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі, павінны скласці да канца 2018 года не менш за 6 млрд даляраў.

Як паведамлялася, у пачатку 2018 года золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 7 млрд 315,3 млн даляраў. Улады тлумачылі зніжэнне рэзерваў у першай палове гэтага года тым, што неабходна было выконваць абавязацельствы па знешнім і ўнутраным доўгу.

Беларусь у 2018 годзе на пагашэнне і абслугоўванне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу павінна накіраваць 3,6 млрд даляраў. У найбліжэйшыя пяць гадоў плацяжы па дзярждоўгу будуць заставацца значнымі. Згодна са звесткамі Мінфіна, за 2019—2023 гады яны складуць 18,5 млрд даляраў.

belapan.by