Золатавалютныя рэзервы Беларусі наблізіліся да 7 млрд даляраў
За месяц золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 4,9% і на 1 верасня склалі 6.993,6 млн даляраў ЗША, паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка.
„За жнівень 2017 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 328,8 млн даляраў ЗША (4,9%) пасля росту ў ліпені 2017 года на 103,8 млн даляраў ЗША (на 1,6%). За студзень–жнівень прырост рэзерваў склаў 2.066,4 млн даляраў ЗША (42%)”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.
Як адзначае Нацбанк, павелічэнню міжнародных рэзервовых актываў у жніўні спрыялі паступленні сродкаў у замежнай валюце ў бюджэт, уключаючы экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, павелічэнне аб’ёму сродкаў у замежнай валюце на карэспандэнцкіх рахунках банкаў у Нацыянальным банку, павелічэнне кошту манетарнага золата. Акрамя таго, росту рэзерваў спрыяла паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама купля замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы.
„Урадам і Нацыянальным банкам у жніўні выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 135 млн даляраў ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.
У 2016 годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся на 751 млн даляраў ЗША (на 18%) і склалі 4,9 млрд даляраў у эквіваленце на 1 студзеня 2017-га. Афіцыйныя планы Нацбанка, зацверджаныя ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі, прадугледжваюць сёлета рост рэзерваў не менш як на 500 млн даляраў.
Разам з тым у чэрвені Мінфін Беларусі размясціў чарговыя выпускі еўрааблігацый на 1,4 млрд даляраў для выплат па даўгах, што спрыяла хуткаму росту ЗВР Беларусі ў бягучым годзе.
Паводле ацэнак Нацбанка, мінімальны ўзровень рэзерваў, на які варта арыентавацца Беларусі ў будучым, — 10 млрд даляраў. Такі ўзровень задавальняў бы міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, крэдытораў і дазволіў бы краіне пазычаць сродкі на знешніх рынках капіталу на больш выгадных умовах.
„Дзесяць мільярдаў даляраў рэзерваў неабходныя для таго, каб знешнія крэдыторы ўспрымалі Беларусь як дзяржаву з меншымі рызыкамі і каб рэспубліка магла прыцягваць рэсурсы па меншым кошце”, — тлумачыў у 2016 годзе старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур.