Золатавалютныя рэзервы Беларусі перавысілі 7,2 млрд долараў
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 кастрычніка 2017 года, паводле папярэдніх даных, склалі 7 млрд 266,7 млн долараў ЗША (у эквіваленце), паведаміў Нацбанк.
За верасень золатавалютныя рэзервы выраслі на 273,1 млн долараў (на 3,9%) пасля росту ў жніўні на 328,8 млн долараў (на 4,9%). З пачатку года прырост рэзерваў склаў 2 млрд 339,5 млн долараў ЗША (47,5%).
„Павелічэнню міжнародных рэзервовых актываў у верасні спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку за кошт сродкаў дзяржаўнага фінансавага крэдыту ўрада Расейскай Федэрацыі і збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты. Станоўчы ўплыў на рост рэзерваў таксама аказала павелічэнне кошту манетарнага золата і паступленне сродкаў ад продажу Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце”, — адзначае Нацбанк.
Адмоўны ўплыў на дынаміку рэзерваў аказала выкананне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 450 млн долараў ЗША.