Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў сакавіку скараціліся на 1 млрд даляраў
Золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся за сакавік на 1 млрд 18,4 млн даляраў, або на 11,6%, і склалі на 1 красавіка 7,79 млрд даляраў ЗША, паведамляе Нацбанк.
Паводле дадзеных рэгулятара, зніжэнне ўзроўню рэзерваў „у асноўным абумоўлена” продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на ўнутраным рынку, а таксама планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму 226,5 млн даляраў ЗША.
„Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у сакавіку спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, а таксама паступленне сродкаў ад продажу аблігацый Міністэрства фінансаў, намінаваных у замежнай валюце”, — паведамляе Нацбанк.
На 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі амаль 9,4 млрд даляраў. За люты рэзервы зменшыліся на 438,2 млн даляраў ЗША, або на 4,7%. У студзені рэзервы скараціліся на 150,4 млн даляраў, або на 1,6%. Такім чынам, за першы квартал 2020 года рэзервы Беларусі ўжо знізіліся на 1,6 млрд даляраў, або на 17,1%.
Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год, аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен скласці не менш як 7,3 млрд даляраў ЗША. Між тым кіраўнік Нацбанка Павел Калаур у лютым гэтага года заяўляў журналістам, што не чакае ў 2020-м значнага памяншэння золатавалютных рэзерваў.
„Мы прадугледзелі ў нашых прагнозах больш нізкі ўзровень золатавалютных рэзерваў. Але гэта не значыць, што мы будзем да гэтага імкнуцца і ён такім будзе. Так, хутчэй за ўсё, ён будзе меншым, чым на пачатак года, але ён будзе бліжэйшым да той лічбы, якую мы маем (9,2 млрд даляраў, або 2,7 месяца пакрыцця імпарту на 1 лютага), чым да той, якую заклалі ў кансерватыўным сцэнары (7,3 млрд даляраў)”, — меркаваў 12 лютага кіраўнік Нацбанка.
Ён падкрэсліваў, што эканамічныя ўлады не хочуць нарошчваць знешнія даўгі. „Таму ў мэтах забеспячэння ўстойлівасці знешняга доўгу і выканання адпаведных абавязацельстваў было вырашана прытрымлівацца аптымальных аб’ёмаў золатавалютных рэзерваў і не спрабаваць любой цаной давесці іх да пакрыцця трохмесячнага імпарту”, — растлумачыў Калаур. Пры гэтым ён дадаў: „Калі сітуацыя палепшыцца, мы, безумоўна, будзем да гэтага імкнуцца”. „А з улікам сённяшняй сітуацыі аптымальны аб’ём пакрыцця імпарту — прыкладна 2,5 месяца”, — падкрэсліваў кіраўнік Нацбанка.
belapan.by