Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў жніўні рэзка скараціліся



Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 верасня склалі 7.457,8 млн долараў ЗША, паведамляе Нацыянальны банк.

За жнівень золатавалютныя рэзервы знізіліся на 1.399,6 млн долараў ЗША (на 15,8%) пасля росту ў ліпені на 61,8 млн долараў ЗША (на 0,7%).

Паводле звестак рэгулятара, зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках жніўня ў асноўным абумоўленае продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на біржавых таргах.

Пры гэтым дзяржавай у жніўні выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму 351,7 млн долараў ЗША. Падтрыманню ўзроўню рэзерваў у жніўні спрыяла паступленне сродкаў ад продажу аблігацый Мінфіна, а таксама паступленне замежнай валюты ў бюджэт, паведамляе Нацбанк.

Як паведамлялася, у жніўні ў сувязі з палітычным крызісам у краіне пасля выбараў істотна выраслі дэвальвацыйныя чаканні і значна вырас попыт на замежную валюту.

Долар і еўра за няпоўны месяц пасля выбараў падаражэлі на біржавых таргах больш чым на 8%. З улікам росту курсаў у пачатку года, выкліканага „каранакрызісам”, курсы долара і еўра ў Беларусі выраслі са студзеня на 25,6% і на 33% адпаведна.

Попыт на замежную валюту цалкам не вычарпаны, лічыць старшы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб.

„Ва ўкладчыкаў засталіся адзыўныя дэпазіты. Акрамя таго, у замежную валюту могуць паступова канвертавацца безадзыўныя дэпазіты, якія па меры заканчэння тэрмінаў іх размяшчэння насельніцтва можа захацець забраць і перавесці ў валюту”, — адзначыў Іосуб у каментары БелаПАН.

На яго думку, знізіць націск на валютны рынак у будучыні маглі б „нейкія добрыя навіны ў палітычнай сферы”, але пакуль іх наўрад ці варта чакаць, таму вялікая верагоднасць, што націск на валютны рынак будзе захоўвацца.

„У гэтым выпадку ў сярэднетэрміновай перспектыве курс беларускага рубля да кошыка замежных валют паступова будзе зніжацца, але хуткасць аслаблення курсу нацвалюты замарудзіцца ў параўнанні з тэмпамі, якія мы бачылі ў першыя тыдні пасля прэзідэнцкіх выбараў”, — прагназуе Іосуб.

belapan.by