Золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 180 мільёнаў долараў



Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 лістапада дасягнулі 7 млрд 107,6 млн долараў ЗША і павялічыліся за кастрычнік на 2,6%, або на 181,3 млн долараў, паведамляе Нацыянальны банк.

За верасень золатавалютныя рэзервы знізіліся на 320 млн долараў, або на 4,4%.

Згодна са звесткамі рэгулятара, павелічэнню рэзерваў у кастрычніку спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт (ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты), чарговага траншу Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця і сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку Нацбанкам і Мінфінам валютных аблігацый.

„Станоўчы ўплыў на ўзровень рэзерваў таксама зрабіла павелічэнне кошту манетарнага золата”, — паведамляе Нацыянальны банк.

У кастрычніку ўрад і Нацбанк накіравалі на выкананне знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце 290 млн долараў.

Згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі, золатавалютныя рэзервы павінны скласці да канца 2018 года не менш як 6 млрд долараў.

Між тым на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка ў ліпені было заяўлена, што да канца года чакаецца велічыня рэзерваў ў 6,5 млрд долараў.

Як паведамлялася, у пачатку 2018 года золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 7 млрд 315,3 млн долараў. Зніжэнне рэзерваў у першай палове года тлумачылася неабходнасцю выконваць абавязацельствы па знешнім і ўнутраным доўгу.

Беларусь у 2018 годзе на пагашэнне і абслугоўванне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу павінна накіраваць 3,6 млрд долараў. Пры гэтым Мінфін раней паведаміў, што на дзве траціны выплаты па дзярждоўгу плануецца ажыццявіць за кошт недаўгавых крыніц.

Варта адзначыць, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў плацяжы Беларусі па дзярждоўгу будуць заставацца значнымі. Згодна са звесткамі Мінфіна, за 2019-2023 гады гэтыя плацяжы складуць 18,5 млрд долараў.

БелаПАН