Золатавалютныя рэзервы Беларусі за студзень скараціліся на 265 млн $
Золатавалютныя рэзервы Беларусі за студзень скараціліся на 265 млн даляраў, або на 3,5%, і на 1 лютага склалі 7 млрд 203,4 млн даляраў, паведамляе Нацыянальны банк.
Паводле інфармацыі рэгулятара, скарачэнне рэзерваў абумоўленае пагашэннем дзяржавай „знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму 410,6 млн даляраў ЗША, а таксама змяншэннем кошту манетарнага золата”.
„Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у студзені спрыяла паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце”, — удакладняе Нацбанк.
Рэгулятар нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год міжнародныя рэзервовыя актывы да канца года павінны скласці не менш за 6 млрд даляраў ЗША.
На мінулым тыдні першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц на пашыраным пасяджэнні праўлення адзначыў, што далейшае зніжэнне рэзерваў у 2021 годзе чакаецца ў сувязі з неабходнасцю выплат па дзяржаўным доўгу ў памеры 3,3 млрд даляраў.
„У існых эканамічных умовах прагназаванае зніжэнне золатавалютных рэзерваў да велічыні, эквівалентнай не менш як двум месяцам імпарту тавараў і паслуг, не нясе празмерных рызык для макраэканамічнай стабільнасці”, — запэўніў першы намеснік кіраўніка Нацбанка.
За 2020 год золатавалютныя рэзервы істотна скараціліся — на 1,9 млрд даляраў ЗША, або на 20,5% (на пачатак 2020-га яны складалі 9,4 млрд даляраў).
Летась рэзервы істотна зніжаліся двойчы: у сакавіку — на 1.018,4 млн даляраў, у жніўні — на 1.399,8 млн. Змяншэнне рэзерваў было абумоўленае ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам.
На фоне ўзмацнення дэвальвацыйных чаканняў насельніцтва ў 2020 годзе купіла замежнай валюты на 1.969,8 млн даляраў больш, чым прадало.
У кастрычніку беларускія ўлады, калі разлічваліся па даўгах за газ, прыцягнулі крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 500 млн даляраў, што дазволіла крыху павялічыць золатавалютныя рэзервы.
Акрамя гэтага, у канцы снежня ў Беларусь паступіў першы транш на 500 млн даляраў дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расеі. Чакаецца, што другі транш на такую ж суму будзе пералічаны сёлета.