Золатавалютныя рэзервы Беларусі за 2020 год скараціліся на 1,9 млрд даляраў



Золатавалютныя рэзервы Беларусі за снежань выраслі на 92,1 млн даляраў (на 1,2%) і, паводле папярэдніх дадзеных, на 1 студзеня 2021 года склалі 7 млрд 468,5 млн даляраў ЗША ў эквіваленце, паведамляе Нацыянальны банк.

Рэгулятар нагадвае, што згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі аб’ём ЗВР на пачатак 2021 года павінен быў скласці не менш за 7,3 млрд даляраў.

У цэлым жа па выніках 2020 года золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся на 1,9 млрд даляраў ЗША, або на 20,5% (на пачатак мінулага года яны складалі 9,4 млрд даляраў).

„Зніжэнне ўзроўню золатавалютных рэзерваў па выніках 2020 года ў асноўным абумоўлена планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 3,9 млрд долараў ЗША, у тым ліку ў снежні — 227 млн долараў ЗША, а таксама продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы”, — тлумачыць рэгулятар.

Паводле звестак Нацбанка, падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у 2020 годзе спрыяла паступленне сродкаў ад размяшчэння Міністэрствам фінансаў на знешнім і ўнутраным рынку аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, прыцягненне знешніх дзяржаўных пазык, іншыя паступленні замежнай валюты ў бюджэт, а таксама рост кошту манетарнага золата.

Як адзначалася раней, сёлета рэзервы двойчы істотна зніжаліся: у сакавіку — на 1.018,4 млн даляраў, у жніўні — на 1.399,8. Зніжэнне рэзерваў было абумоўлена ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам.

Істотнае павелічэнне рэзерваў назіралася толькі ў чэрвені — дзякуючы продажу еўрабондаў рэзервы Беларусі за першы летні месяц павялічыліся на 916,3 млн даляраў.

У кастрычніку беларускія ўлады, калі разлічваліся па даўгах за газ, прыцягнулі крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 500 млн даляраў, што таксама дазволіла крыху павялічыць золатавалютныя рэзервы.

Акрамя гэтага, у канцы снежня ў Беларусь паступіў першы транш у аб’ёме 500 млн даляраў дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расеі. Чакаецца, што другі яго транш на такую ж суму будзе пералічаны ў гэтым годзе.

У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года з улікам пагашэння ўрадам і Нацбанкам унутраных і знешніх валютных абавязацельстваў павінен скласці не менш за 6 млрд даляраў ЗША.

Такім чынам, улады дапускаюць зніжэнне аб’ёму ЗВР Беларусі да канца 2021 года яшчэ на 1,5 млрд даляраў.

belapan.by