Золатавалютныя рэзервы Беларусі за чэрвень знізіліся на 4,6 працэнта да $7,4 млрд
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 ліпеня 2021 года, паводле папярэдніх даных, склалі $7409,3 млн у эквіваленце, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.
За чэрвень 2021 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на $353,8 млн (на 4,6 працэнта) пасля росту ў траўні на $485,2 млн (на 6,7 працэнта).
«Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў па выніках чэрвеня ў асноўным абумоўлена планавым пагашэннем урадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля $240 млн, а таксама змяншэннем кошту манетарнага золата», — растлумачылі ў Нацбанку.
Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у чэрвені садзейнічала паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад спагнання экспартных пошлін і прыцягнення Міністэрствам фінансаў сродкаў у замежнай валюце.
Згодна з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год, аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года павінен скласці не менш за $6 млрд.