“ЗОВ” распрадае абсталяванне і скарачае персанал



Гарадзенскі мэблевы холдынг “ЗОВ” пачынае распродаж абсталявання і скарачэнне персаналу асобных структурных падраздзяленняў. Такія захады абумоўленыя арыштам асноўнага ўладальніка кампаніі Алега Зухавіцкага, які знаходзіцца ў ізалятары КДБ. Буйнога бізнесоўца абвінавачваюць у  атрыманні ценявога прыбытку, неаплаце падаткаў і вывадзе сродкаў за межы краіны.

На думку праваабаронцы Гары Паганяйла, барацьба з карупцыяй чарговы раз становіцца галоўным папулісцкім дэвізам кіраўніка краіны:

– Сам жа Лукашэнка стварае правілы гульні, пры якіх яму вельмі зручна пад сцягам карупцыі трымаць усё ў сваіх жорсткіх руках. І ён дзейнічае па правілах: каго хачу – памілую, каго хачу – пакараю. Ёсць магчымасць звярнуцца да кіраўніка дзяржавы, і ён вызваляе карупцыянера ад крымінальнай адказнасці.

Група кампаній “ЗОВ” з’яўляецца адным з буйных вытворцаў мэблі на постсавецкай прасторы. Пільная ўвага да дзейнасці кампаніі і яе кіраўніцтва з боку Камітэта дзяржаўнай бяспекі незалежнымі экспертамі тлумачыцца як спроба ліквідаваць прыбытковы бізнес на карысць дзяржавы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота vgr.by