ЗША гатовы цалкам забяспечыць Беларусь нафтай па канкурэнтных цэнах



Злучаныя Штаты Амерыкі гатовыя цалкам забяспечыць Беларусь нафтай па канкурэнтных цэнах, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў Менску па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

„Мы правялі доўгую гутарку аб эканамічных пытаннях. Спадар Лукашэнка сказаў, што Беларусь — суверэнная і незалежная краіна, якая не можа быць часткай якой-небудзь іншай краіны. ЗША хочуць дапамагчы Беларусі стварыць сваю ўласную суверэнную дзяржаву. Таму нашы вытворцы энергарэсурсаў гатовыя забяспечыць вас неабходнай нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах”, — зазначыў дзяржсакратар.

„Мы самы буйны вытворца энергарэсурсаў у свеце. Усё, што вам трэба, — сказаць нам, звярнуцца да нас”, — дадаў Пампеа.

1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці кантрактаў на 2020 год. Бакі да гэтага часу не могуць дамовіцца пра цану. Менск шукае альтэрнатыўныя крыніцы нафты.

Тэму дыверсіфікацыі паставак нафты Лукашэнка ў чарговы раз падняў падчас размовы з работнікамі Завода газетнай паперы ў Шклове 24 студзеня. Як заявіў беларускі кіраўнік, варыянты альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь не блеф ці павышэнне ставак перад перамовамі з Расеяй. „Вы ж бачыце, што кожны год перад Новым годам нам даводзіцца стаяць на каленях і вымольваць гэтыя нафтапрадукты”, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў размове з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным зусім не блефаваў і абмаляваў карціну, як Беларусь будзе дзейнічаць, калі расійскі бок не зменіць сваю пазіцыю.

Адзін з маршрутаў альтэрнатыўнай пастаўкі — праз парты на Балтыцы, і такім чынам ужо закуплена і пастаўляецца партыя нарвежскай нафты. Яшчэ адзін балтыйскі маршрут — з Гданьска па адной з нітак нафтаправода „Дружба”, які для гэтага неабходна будзе запусціць у рэверсным рэжыме. „Я Пуціну прама сказаў: на першым этапе, калі мы з палякамі дамовімся, будзем рэверсам пастаўляць па адной з трох труб”, — сказаў Лукашэнка.

Трэці кірунак, паводле яго слоў, таксама ўжо апрабаваны. Гаворка ідзе пра пастаўкі праз Украіну з Чорнага мора.

Лукашэнка таксама заявіў, што Расея выступае супраць паставак казахстанскай нафты ў Беларусь.

„Нам нельга залежаць ад аднаго чалавека, ад адной краіны, ад аднаго прадпрыемства. Гэта манапалізм, і ў гэтым наша праблема”, — падкрэсліў Лукашэнка.

„Таму мы дамаўляемся з усімі. Мы дамаўляемся з амерыканцамі, з Саудаўскай Аравіяй, Арабскімі Эміратамі… Колькі трэба, столькі нафты паставім. Вядома, гэта сусветная цана. Але якасць там нафты лепшая. Таму ніякага блефу, ніякага націску — усё па-сумленнаму. Яны захацелі, каб мы плацілі, мы будзем плаціць”, — заявіў афіцыйны лідар.

belapan.by