ЗША і Еўразвяз стварылі групу па зніжэнні залежнасці ад расейскага газу



ЗША і Еўразвяз стварылі Мэтавую групу для зніжэння залежнасці Еўропы ад расейскіх энергарэсурсаў і ўмацавання еўрапейскай энергетычнай бяспекі. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Белага дома.

Група будзе працаваць над забеспячэннем энергетычнай бяспекі Украіны і ЕЗ у рамках падрыхтоўкі да найбліжэйшых зімаў. Яна заклікана забяспечыць дыверсіфікацыю паставак ЗПГ, а таксама падрыхтоўку мер для зніжэння попыту на газ.

ЗША маюць намер разам з міжнароднымі партнёрамі паставіць у ЕЗ не менш за 15 млрд звадкаванага газу ў 2022 годзе і нарасціць аб’ёмы ў будучыні.

Бакі таксама маюць намер дабіцца зніжэння ўцечак газу і ўкараняць аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Еўракамісія будзе працаваць з дзяржавамі ЕЗ над тым, каб да 2030 года попыт на амерыканскі ЗПГ складаў не менш за 50 млрд кубаметраў за год.

Узгоднены кароткатэрміновыя меры, у тым ліку павышэнне энергаэфектыўнасці, якія могуць скараціць спажыванне на 15,5 млрд кубаметраў у 2022 годзе.