ЗША і іх саюзнікі распячатваюць стратэгічныя рэзервы нафты
ЗША і іх саюзнікі распячатваюць стратэгічныя рэзервы нафты. Пра намер распячатаць стратэгічныя рэзервы нафты сёння, 31 сакавіка, заявіў Белы дом. Рашэнне было прынятае пасля таго, як стала ясна, што Саўдаўская Аравія і краіны Персідскага заліва застаюцца ў альянсе з Расеяй у рамках OPEC+ і дадатковай нафты на рынак не дадуць. Высокія цэны на нафту — на руку Маскве, якая з атрыманых за гэта грошай фінансуе вайну ва Украіне і фактычную акупацыю Беларусі.
Пастаўкі са стратэгічных рэзерваў толькі ЗША складуць 1 млн барэляў за суткі на працягу паўгода. Гэта гістарычна рэкордныя аб’ёмы. Маштаб паставак з рэзерваў Японіі, Брытаніі, Канады і краін Еўразвязу пакуль не паведамляецца.
Чакаецца, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн афіцыйна абвесціць пра гэта падчас выступу ў чацвер: ён выкладзе крокі адміністрацыі па процідзеянні расейскаму ўварванню ва Украіну і для змяншэння ўнутраных цэн на энерганосьбіты і газ.
Беларускае Радыё Рацыя