ЗША працягнулі прыпыненне санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў
Злучаныя Штаты Амерыкі працягнулі да 26 красавіка 2021 года рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. Адпаведнае паведамленне апублікаванае 22 кастрычніка на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.
Гаворка ідзе пра Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ „Полацк-Шкловалакно”.
Паводле паведамлення Мінфіна ЗША, „усе аперацыі, забароненыя прэзідэнцкім указам 13405 (прыняты 16 чэрвеня 2006 года. — БелаПАН.) аб увядзенні санкцый супраць гэтых кампаній, а таксама іх даччыных прадпрыемстваў і актываў, якія належаць ім больш чым на 50%, дазваляюцца, калі не падпадаюць пад асабліва абумоўленыя выключэнні”.
Як тлумачыць Мінфін ЗША, выключэннем з`яўляецца тое, што любая ўласнасць і актывы дадзеных прадпрыемстваў застаюцца блакаванымі і „не могуць быць перададзеныя, выплачаныя, экспартаваныя, канфіскаваныя або як-небудзь інакш выкарыстаныя”. Пры пасярэдніцтве дадзеных прадпрыемстваў забароненыя прамыя або ўскосныя здзелкі з іншымі асобамі, якія знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі.
Амерыканскія грамадзяне, якія ўваходзяць у дзелавыя адносіны з гэтымі дзевяццю беларускімі прадпрыемствамі, абавязаныя даваць справаздачу перад Дзярждэпартаментам аб здзелках або пакетах здзелак на агульную суму большую за 50 тысяч даляраў.
Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў перыядычна працягваліся.
29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым калі сума здзелкі перавышала 10 тысяч даляраў, грамадзяне ЗША абавязаныя ставіць у вядомасць кіраўніцтва кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. Гэтае рашэнне працягвалася кожныя паўгода.
У кастрычніку 2018 года яно было працягнутае на год.
belapan.by