Звольненым страйкоўцам-белазаўцам прапанавана напісаць заявы аб аднаўленні на працы
ААТ „БелАЗ” пасля пратэстаў у адным з цэхаў працуе ў звычайным рэжыме, паведаміла БелаПАН супрацоўніца прадпрыемства.
„Усё гэта здарылася днём. Як вырашыла кіраўніцтва прадпрыемства, рабочыя, якіх афіцыйна звольнілі за забастоўку, могуць напісаць заяву аб аднаўленні на працы. Гэтае пытанне будзе вырашацца ў панядзелак”, — паведаміла яна.
Паводле слоў старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандра Бухвостава, працоўныя запыталі ў прафсаюза юрыдычнай дапамогі. „У 12 гадзін яны пастаялі на прахадной і потым вярнуліся на працоўныя месцы”, — сказаў прафсаюзны лідар.
30 кастрычніка рабочыя аднаго з цэхаў прадпрыемства адмовіліся працаваць у сувязі са звальненнем трох сваіх супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў забастоўцы.
26 кастрычніка ў Беларусі была абвешчана агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, вылучанага экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай. Патрабаванні ультыматуму — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў. Гэтыя патрабаванні падтрымалі сотні тысяч беларусаў, якія 25 кастрычніка выйшлі на марш „Народны ультыматум” у Мінску і іншых гарадах краіны. Акцыі былі жорстка разагнаныя сілавікамі. У сталіцы супраць мірных дэманстрантаў ужылі светлашумавыя гранаты і гумовыя кулі, ёсць пацярпелыя.