ЗВР Беларусі скараціліся амаль на паўмільярда долараў



У першым паўгоддзі золатавалютныя рэзервы Беларусі зменшыліся на 483,9 млн долараў ЗША, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

У пачатку года ЗВР знаходзіліся на ўзроўні 7 млрд 315,3 млн долараў, а на 1 ліпеня склалі 6 млрд 831,4 млн долараў (у эквіваленце).

„За чэрвень 2018 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 108,2 млн долараў ЗША (на 1,6%) пасля скарачэння ў маі 2018 года на 98,5 млн долараў ЗША (на 1,4%)”, — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Згодна з інфармацыяй рэгулятара, зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў паводле вынікаў чэрвеня абумоўленае „планавым пагашэннем” урадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 424 млн долараў, а таксама зніжэннем кошту манетарнага золата.

Падтрыманню ўзроўню рэзерваў спрыяла купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на ўнутраным рынку. Акрамя таго, рэзервы ў чэрвені папаўняліся за кошт збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты і паступлення сродкаў ад продажу на ўнутраным рынку дзяржаблігацый, намінаваных у замежнай валюце.

Нацбанк адзначае, што з улікам неабходнасці выплат па ўнутраным і знешнім дзярждоўгу плануецца забяспечыць велічыню золатавалютных рэзерваў на 1 студзеня 2019 года не менш як 6 млрд долараў.

Сёлета Беларусь на пагашэнне і абслугоўванне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу павінна накіраваць 3,6 млрд долараў. Мінфін раней паведамляў, што на дзве траціны выплаты па дзярждоўгу плануецца ажыццявіць за кошт непазыковых крыніц.

У найбліжэйшыя пяць гадоў плацяжы Беларусі па дзярждоўгу застануцца значнымі. Згодна са звесткамі Мінфіна, у 2019—2023 гадах яны складуць 18,5 млрд долараў. У 2019 годзе краіна павінна накіраваць крэдыторам 3,6 млрд долараў, у 2020-м — 3,78 млрд, у 2021-м — 3,54 млрд, у 2022-м — 3,6 млрд, у 2023-м — амаль 4 млрд долараў.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу вырашыць даўгавую праблему. „Галоўны выклік, з якім трэба справіцца ўраду і Нацбанку ў найбліжэйшыя гады, —”перарасці” пазыковы цяжар і выйсці ў зону бяспекі. Наступным пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў”, — заявіў ён, выступаючы вясной з пасланнем народу і парламенту.

БелаПАН