ЗВР Беларусі за першы квартал скараціліся больш як на паўмільярда даляраў
За першы квартал 2021 года золатавалютныя рэзервы Беларусі зменшыліся на 528,5 млн даляраў ЗША, або на 7,1%, і на 1 красавіка, паводле папярэдніх звестак, склалі 6 млрд 940 млн даляраў супраць 7 млрд 468,5 млн на пачатак года, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.
Пры гэтым за сакавік 2021 года золатавалютныя рэзервы знізіліся на 174,5 млн даляраў ЗША (на 2,5%) пасля скарачэння ў лютым на 88,9 млн даляраў ЗША (на 1,2%).
„Зніжэнне ўзроўню міжнародных рэзервовых актываў паводле вынікаў сакавіка ў асноўным абумоўленае планавым пагашэннем урадам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму прыкладна 310 млн даляраў ЗША, а таксама змяншэннем кошту манетарнага золата”, — паведамляе Нацбанк.
Згодна са звесткамі рэгулятара, падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у сакавіку спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу дзяржаблігацый на ўнутраным рынку, а таксама купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на біржавых таргах.
Нацбанк нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год міжнародныя рэзервовыя актывы да канца года павінны скласці не менш за 6 млрд даляраў ЗША.
У студзені першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц на пашыраным пасяджэнні праўлення адзначыў, што далейшае зніжэнне рэзерваў у 2021 годзе чакаецца ў сувязі з неабходнасцю выплат па дзяржаўным доўгу 3,3 млрд даляраў.
„У існых эканамічных умовах прагназаванае зніжэнне золатавалютных рэзерваў да велічыні, эквівалентнай не менш як двум месяцам імпарту тавараў і паслуг, не нясе празмерных рызык для макраэканамічнай стабільнасці”, — запэўніў першы намеснік кіраўніка Нацбанка.
За 2020 год золатавалютныя рэзервы істотна скараціліся — на 1,9 млрд даляраў ЗША, або на 20,5% (на пачатак 2020-га склалі 9,4 млрд даляраў).
Летась рэзервы істотна зніжаліся двойчы: у сакавіку — на 1.018,4 млн даляраў, у жніўні — на 1.399,8 млн. Змяншэнне рэзерваў было абумоўленае ростам дэвальвацыйных чаканняў, якія, на думку эканамістаў, у сакавіку былі выкліканыя пандэміяй, а ў жніўні — палітычным крызісам.