1 лістапада ў Берасці
Нядзельным днём у цэнтры Берасця традыцыйна ўжо была заўважна спецтэхніка міністэрства ўнутраных спраў і танаваныя мікрааўтобусы. Па пешаходнай Савецкай перасоўваліся патрулі міліцыі, а ў раёне ганаровага консульства Чэхіі на бульвары Касманаўтаў стаяў прыпаркаваны „аўтазак” з некалькімі людзьмі ў чорнай форме.
Справа ў тым што, карыстальнікі пратэстных Telegram-каналаў спадзяваліся на тое што адбудзецца акцыя пратэсту прыхільнікаў пераменаў у Беларусі і некаторыя з іх паехалі ў цэнтр, каб паглядзець ці збяруцца людзі:
– Чалавек 20-30. Народ хадзіў туды-сюды нічога не скандуючы. З кветачкамі хадзілі, некаторыя дзяўчыны хадзілі з папяровымі кубачкамі бела-чырвона-белымі.
Паводле інфармацыі ад праваабронцаў, пра затрыманні ў Берасці ў гэтую нядзелю звестак няма. Вядома што ў некаторых мікрараёнах горада, такіх як Вулька і Дуброўка, людзі пад бел-чырвона-белай сімволікай сабраліся на ланцугі салідарнасці. Таксама выкладчыца БрДТУ, адкуль былі адлічаны 9 студэнтаў, Таццяна Шаўчук апублікавала ў гэты дзень відэазварот у іх падтрымку.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце