1 траўня Алегу Лойку было б 85
1 траўня — дзень нараджэння славутага слонімца, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Алега Лойкі (1931–2008).
Апошнія гады жыцця ён правёў у родным Слоніме. Гэты горад ён называў сваім першым святлом, прасторам і любоўю. Ён так і пісаў: “Ды я не ведаю. Рос я ў горадзе ці ў вёсцы, бо з кожнай вуліцы і вулічкі гэтага лёгшага абапал Шчары гарадка відаць на ўзгоркавым небасхіле сінія лясы, відаць разлогія палі: вясною — у руні, летам — у спелых нівах, восенню — у срабрыстым павуцінні…”.
Алег Лойка любіў Слонім, любіў людзей, якія жывуць і жылі ў ім, ці, як ён называў у “гэтай Шчаравай даліне”. Ён заўсёды ўсёй душой быў з родным горадам. Любы Слонім — ён шчыра насіў у сэрцы. А Першатравень у Слоніме для Алега Антонавіча быў найвялікшым днём, які збіраў усіх яго сяброў і сваякоў за адным сталом. Збіраў у бацькоўскай хаце на Зялёнай вуліцы, ці ў цешчынай хаце на Віленскай вуліцы.
Пасля Мінска ён вярнуўся ў Слонім назаўсёды. Жыў у цешчынай хаце, спачатку з жонкай Ліліяй, а потым, калі яе не стала, жыў адзін:
“Мілая!.. Мілая!..” —
Дык як я тое скажу
Па-над тваёй магілаю,
Поруч якой не ляжу…
Але што я распавядаю пра сумнае, я ж пачаў пра Першатравень Алега Лойкі. Дык вось, у апошнія гады жыцця знакамітага слонімца, і мне некалькі разоў прыйшлося з ім разам сустракаць Першатравень — гэта значыць святкаваць дзень яго нараджэння. Сябра Алега Антонавіч — энцыклапедыст і літаратуразнавец з вёскі Вялікая Кракотка Янка Саламевіч таксама часта бываў у яго слонімскай хаце. А на дзень нараджэння свайго сябра спадар Янка спяваў народныя песні. А яму дапамагаў Алег Антонавіч. Як яны разам землякі-слонімцы спявалі народныя песні!.. О, гэта трэба было бачыць і пачуць! А колькі яны іх ведалі — дзесяткі, сотні… А ці мы сёння зможам за сталом праспяваць хоць адну беларускую народную песню?.. А?.. Праспяваць ад пачатку да канца… А яны спявалі бясконца — адна за адной, якія толькі прыходзілі на памяць. Я і сёння іх бачу разам, чую іх, слухаю іх, яны — перада мной, як жывыя, мае славутыя землякі…
На вялікі жаль, сёлетні Першатравень у Слоніме ўжо быў восьмым па ліку без Алега Антонавіча. Ён, бяспрэчна, — асоба вялікая не толькі ў маштабах Беларусі, але і Еўропы. Такімі людзьмі мы павінны ганарыцца, а таксама і ўслаўляць гэтае імя заўсёды. Але ў нас сёння такіх людзей не ўшаноўваюць, не згадваюць, не цэніць ні пры жыцці, ні нават пасля смерці. А чаму б не адкрыць у Слоніме ў яго гонар мемарыяьную шыльду на будынку ліцэя, дзе ён вучыўся, надаць яго імя гэтаму ліцэю. Устанавіць у Слоніме стыпендыю імя Алега Лойкі лепшым вучням школ горада і навучэнцам вучылішчаў. Стварыць у Слоніме беларускі культурны цэнтр імя Алега Лойкі, дзе наладжваліся б і праводзіліся б літаратурна-музычныя вечары і сустрэчы. Устанавіць помнік нашаму вялікаму земляку і г.д…
Прайшло восем Першатраўняў без Алега Лойкі і восем гадоў бяспамяцтва. Цяпер я разумею, чаму ён свае апошнія кнігі так і назваў: “Плач зямлі”, “Дрэва жыцця”, “Галгофа”, “Неўміручасць”, “Ушанаванне”. Алег Антонавіч быў не толькі таленавітым, але і мудрым, мужным чалавекам. Ён ўсё прадбачыў наперад, адчуваў час, і са шчырым спачуваннем хацеў нам дапамагчы:
Не дабягу, — дайду,
Не дайду, — дапаўзу
У кожную бяду,
У кожную слязу…
Алег Лойка з бацькам
Алег Лойка з сябрамі літаб’яднання Узлёт БДУ, 1982 г.
Алег Лойка, Мікола Аўрамчык і скульптар Іван Міско
Алег Лойка
Аляксей Якімовіч, Алег Лойка і Анатоль Іверс, 1980-я гады
Анатоль Кулагін, Уладзімір Караткевіч, Алег Лойка ў Слоніме, 1980-я гады
З выкладчыкамі філфака БДУМалады Алег Лойка
Малады Алег Лойка
Пісьменнікі Гродзеншчыны (злева направа) Алена Руцкая, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Сяргей Чыгрын, Мікола Арочка, Данута Бічэль, Аляксей Пяткевіч, Алесь Сучок, Слонім, 1987 год
Уладзімір Калеснік і Алег Лойка
Сяргей Чыгрын. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім
Фота з архіва аўтара