1 траўня – дзень нараджэння Алега Лойкі



З самай раніцы слонімцы пачалі наведваць могілкі на вуліцы Чырвоных партызан у Слоніме, каб ускласці кветкі на магілу свайго знакамітага земляка, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алега Лойкі (1931-2008). Першымі прыехалі і ўсклалі кветкі на магілу Алега і Лідзіі Лойкаў сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл.

Старэйшы слонімец, былы настаўнік роднай мовы Мікалай Ракевіч адзначыў, што Алег Лойка назаўсёды застанецца ў гісторыі слонімскай зямлі і ўсёй Беларусі, які напісаў шмат кніг паэзіі, даследчых артыкулаў, перакладаў, падручнікаў для судэнтаў-філолагаў вышэйшых навучальных устаноў.

Слонімцы ўсклалі кветкі і памянулі Алега Лойку хвілінай маўчання. Дарэчы, цяпер вакол помніка Лойкам сваякі аднаўляюць плітку, вядуцца рамонтныя работы. Сёлета восенню будзе 10 гадоў, як не стала знакамітага слонімца. Да гэтай нагоды Белдзяржуніверсітэт рыхтуе пра яго вялікую кнігу ўспамінаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім