1 верасня – пачатак Другой сусветнай вайны (абноўлена)
Дзень, які змяніў лёсы мільёнаў людзей. Роўна 80 год таму – 1 верасня 1939 года нацысцкая Нямеччына напала на Польшчу – пачалася Другая Сусветная вайна. У цэнтры падзей апынулася і Заходняя Беларусь, як тагачасная частка польскай дзяржавы.
Сведка, першы старшыня пінскага Саюзу палякаў Віктар Мостэк узгадвае, што напярэдадні вайны ў памежных рэгіёнах Польшчы і СССР пачало з’яўляцца шмат бальшавіцкіх агітатараў:
– Мне было тады дзесяць гадоў. Я памятаю, што так званыя рэвалюцыянеры то там, то тут, то падпаляць, то што. Я памятаю, калі казалі – бандыты ёсць, але памятаю і іншыя словы: што будзе добра, што ўсе будуць мець працу, што жыць будзе вельмі добра і ўсялякіх прадуктаў, і ўсяго будзе шмат.
Віктар Мостэк дадае, што такім чынам агітатары рыхтавалі насельніцтва Заходняй Беларусі да ўваходу Чырвонай Арміі, назіралі за настроям мясцовых людзей, каб быць гатовымі да магчымага супраціву.
***
Дата 1 верасня 1939 года вядомая для ўсяго свету як трагічная старонка гісторыі – пачатак Другой сусветнай вайны. Гітлераўская Германія вераломна напала на Польшчу. 17 верасня 1939 года з усходу парушыў межы Польшчы Савецкі Саюз. Пачатак вайны ў 1939 годзе датычны і да беларусаў. Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы.
Але дата 1 верасня 1939 года была малавядомай у Савецкім Саюзе і застаецца малавядомай у незалежнай Беларусі, гаворыць гісторык па адукацыі, журналіст Павел Дайлід:
– Савецкі Саюз сам прымаў у гэтым непасрэдны ўдзел, таму што ў верасні 1939 года разам з нацысцкай Германіяй была падзеленая Польшча. Дзіўна, што Беларусь сёння больш звяртае ўвагу на Другую сусветную вайну ў кантэксце так званай Вялікай Айчыннай вайны, то бок калі нацысцкая Германія ўжо напала на Савецкі Саюз у 1941 годзе. Натуральна ж у 1939 годзе беларусы ўжо прымалі ўдзел у Другой сусветнай вайне.
70 тысячаў нашых суайчыннікаў першымі, разам з палякамі, з украінцамі пайшлі змагацца супраць нацыстаў. Па сведчанні польскіх крыніц, беларусы праявілі мужнасць і адвагу ў баях.
Беларускае Радыё Рацыя