10 017 рублёў – агульная сума штрафаў “за незалежнасць” у Віцебску
У судзе Чыгуначнага раёну завяршыўся разгляд адміністрацыйных справаў, распачатых супраць удзельнікаў акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Акцыя адбылася 29 снежня мінулага году: людзі выйшлі на Плошчу перамогі з плакатамі, сцягамі і раздрукаванымі літарамі, з якіх склалі слова “Незалежнасць”. За гэтыя дзеянні аштрафавалі 10 чалавек, і большая частка з іх на суды не хадзіла па прынцыповых меркаваннях.
Прыхільнікі незалежнасці не лічаць сябе вінаватымі, у тым ліку Таццяна Севярынец, якую суддзя Дзяніс Аляксеенка аштрафаваў на 20 базавых велічынь (540 рублёў):
– Я не чакаю, што мне за маё стаянне на плошчы са словам “Незалежнасць”, за мой стрым дадуць нейкі ордэн ці медаль. Не дзеля гэтага мы ўсё робім. Але – каб штрафаваць за абарону незалежнасці, каб за 20 хвілін даваць такія штрафы! Увогуле іх не павінна быць!
Самы вялікі штраф прысудзілі Аляксею Прохараву: суддзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 50 базавых велічынь (1350 рублёў).
Але хлопец быў гатовы і да горшага – да “сутак”, таму ў суд прыйшоў з рэчамі, гатовы да накіравання ў ІЧУ. Агулам віцебскіх віцебскіх удзельнікаў акцыі ў падтрымку незалежнасці аштрафавалі на 316 базавых велічынь ( 8532 рублі), яшчэ 55 базавых велічынь штрафаў (1485 рублёў) прысудзілі “за заклікі” – за размяшчэнне аб’яваў пра акцыі ў сацыяльных сетках. Агульная сума штрафаў “за незалежнасць” у Віцебску – 10 017 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск