10 дзён “бязвіза” на тэрыторыі Берасцейшчыны
На сайце Берасцейскага аблвыканкама з’явілася анкета па вывучэнні меркавання ў адносінах пашырэння бязвізавага рэжыма.
Карыстальнікам інтэрнэта прапануюць выказаць сваё меркаванне па пытанні распаўсюджвання бязвізавага рэжыма зоны Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” на тэрыторыю ўсёй Берасцейскай вобласці.
Прадстаўнік Гарадскога асяродка культуры ў Цярэспалі Лукаш Пагажэльскі, які ня першы год супрацоўнічае з беларусамі ў межах трансгранічных праектаў, лічыць, што такая ініцыятыва станоўча паўплывае на развіццё турызма ў рэгіёне:
– На маю думку, вельмі добрая ідэя, бо вельмі шмат жыхароў Цярэспаля і ваколіц хацелі б паехаць у Берасце. Праблема палягае толькі на тым, што не ўсе маюць грошы на візы і час, каб яе зрабіць. Здабыць запрашэнне, завесці ў консульства, пазней атрымаць візу. Усё гэта патрабуе часу і не кожны ведае як гэта зрабіць. Мы арганізуем такія паездкі. Ахвочых вельмі і вельмі шмат.
У анкеце гаворка ідзе пра прапановы пашырэння “бязвіза” з улікам магчымасці прыбыцця ў краіну замежных грамадзянаў праз пункты пропуска “Брэст” (“Цярэспаль”), “Дамачава” (“Славатычы”), “Пяшчатка” (“Палоўцы”) і праз аэрапорт “Брэст”. Таксама разглядаецца і пашырэнне тэрміна прыбыцця да дзесяці, замест дзейсных у Пушчы трох, сутак.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце