10 дзён пад елкай на снезе хаваўся ад НКВД



Да 110 годдзя Міхася Зуя

23 кастрычніка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння беларускага грамадскага дзеяча і актывіста на эміграцыі Міхася Зуя (1909-1995).

Міхась Зуй нарадзіўся ў Дзісенскім павеце. Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў Беларускай народнай Самапомаччу ў мястэчку Германавічы, затым – на Шаркоўшчыне. Ратаваў беларускіх хлопцаў ад вярбоўкі ў атрад Лазарава.

Міхась Зуй прымаў удзел у ваеннай школе-батальёне “Дальвіц”, пасля раззбраення якога ў Чэхіі апынуўся ў савецкай арміі.

У 1946 годзе вярнуўся на Беларусь, працаваў у лясной гаспадарцы. А ў снежні 1947 года ў 12 гадзін ночы НКВД прыехала яго арыштоўваць. Ён уцёк да сваякоў. Праз некалькі дзён НКВД зноў арганізавала аблаву на Зуя. Міхась уцёк у лес і сядзеў пад елкай дзесяць дзён, змагаючыся за сваё існаванне. Пасля гэтага сеў у цягнік і выехаў да сябра. На руках былі фальшывыя дакументы. Так яму ўдалося ўцячы ад арышту і ссылкі ў Сібір. З 1949 года жыў у Аўстраліі, дзе прымаў актыўны ўдзел у беларускіх справах. Заснаваў Беларускае аб’яднанне ў Новай Паўднёвай Валіі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя