10-га кастрычніка завершыўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання



Вынікі Тыдню супраць смяротнага пакарання былі падсумаваны на прэсавай канферэнцыі ў офісе Праваабарончага цэнтру „Вясна”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах каардынатара грамадскай кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды, Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе выкарыстоўваецца пакаранне смерцю. Больш таго, улады краіны працягваюць ігнараваць міжнародныя дамовы, нормы і стандарты аб смяротным пакаранні.

– Прыкладам гэтага можа служыць расстрэл ужо пяці асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання ў нашай краіне, нягледзячы на тое, што былі падключаныя міжнародныя механізмы ў Каміэтце ААН па правах чалавека.

Але ўлады Беларусі праігнаравалі гэтыя абставіны і прывялі прысуды ў выкананне, – сказаў Андрэй Палуда.

Па словах праваабаронцы з Узбекістану Тамары Чыкуновай, якая прыняла ўдзел у тыдні супраць смяротнага пакарання, закон аб выкарыстанні смяротнага пакарання – гэта помства дзяржавы.

– Гэта ганебнае кола, і ад гэтага нікому не будзе лягчэй – ні грамадству, ні прэзідэнту, які падпісвае і ставіць апошнюю кропку – вырашае, хто мае права жыць, а хто – не. Мы становімся падобнымі да злачынцы – мы яго забіваем жорстка. І чым мы лепей за гэтага злачынцу?

Тамара Чыкунова нагадала, што намаганнямі праваабаронцаў і грамадскасці смертнае пакаранне ва Узбекістане было адменена.

Намеснк старшыні праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч выказаў спадзяванне, што сітуацыя ў Беларусі ўсё ж можа змяніцца.

– Вельмі шмат гаворыцца пра нейкія новыя магчымасці ў звязку са спробай паляпшэння іміджу Рэспублікі Беларусь на фоне геапалітычных падзеяў вакол Беларусі – украінскіх найперш. Таму нам важна, каб гэтыя працэсы рухаліся і грунтаваліся на каштоўнаснай глебе.

Без увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне беларускія ўлады не могуць разлічваць на пацяпленне адносінаў з Захадам, на вяртанне краіны ў Савет Еўропы. І гэта дае шанец на ўвядзенне мараторыя, – спадзяецца Валянцін Стэфановіч. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя