10 кастрычніка – Сусветны дзень псіхічнага здароўя



Гэты дзень адзначаецца ў свеце з 1992 года па ініцыятыве Сусветнай федэрацыі псіхічнага здароўя з мэтай павышэння інфармаванасці людзей у дачыненні да праблем псіхічнага здароўя.

Менавіта гэтага нам не хапае, – лічыць Кацярына Гузоўская-Гара, менеджэрка Клубнага дома “Открытая душа”, які з’яўляецца сацыяльнай службай для людзей з псіхічнымі растройствамі.

І таму яна арганізуе “(не)псіхіятрычны фэстываль Галасы”, які плануецца ў Менску.

– Фестываль „Галасы” – гэта такія адкрытыя дыялогі, адкрытыя размовы са спецыялістамі з псіхіятрычнай сферы, з рознымі псіхіятарамі, псіхатэрапеўтамі, псіхолагамі і ўвогуле людзьмі, неабыякавымі да тэмы псіхічнага здароўя. Проста ствараецца такая магчымасць для любога чалавека, у якога ёсць сваё пытанне, задаць гэтае пытанне і атрымаць на яго годны, прафесійны адказ. Ну і псіхаасвета.

Тэма фестываля – „Дэпрэсія. Суіцыд. Самапашкоджанні”. Па дадзеным Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, менавіта дэпрэсія з’яўляецца самым распаўсюджаным псіхічным захворваннем, і да 2020 года яна зойме першае месца сярод іншых захворванняў па працягласці непрацаздольнасці. Фэст адбудзецца ў дні 4, 5, 10, 17, 24 лістапада і 3 снежня. Падрабязней — на адмысловай старонцы у фэйсбук.

Кася Манюк, Беларускае Радыё Рацыя