10 кг наркотыкаў выявілі гарадзенскія мытнікі ў паліўным баку аўтамабіля



Гарадзенскія мытнікі спынілі ўвоз на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза буйной партыі гашышу.

Як паведамляе прэс-служба Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, грамадзяне РФ спрабавалі перамясціць наркотыкі ў паліўным баку транспартнага сродку „Фольксваген-Пасат” праз пункт пропуску „Брузгі”.

Легкавы аўтамабіль, у якім знаходзіліся кіроўца і пасажырка, накіроўваўся па „зялёным калідоры”. Пры правядзенні мытнага кантролю гарадзенскімі мытнікамі прынятае рашэнне аб накіраванні транспартнага сродку на сканаванне з прымяненнем інспекцыйна-надгляднага комплексу, пасля да мытнага надгляду была прыцягнутая кіналагічная служба.

У выніку з тайніка, абсталяванага ў паліўным баку аўтамабіля, дасталі 32 скруткі, упакаваныя ў палімерныя пакеты, агульнай вагой 10,5 кілаграма.

У адным са скруткаў, распакаваным непасрэдна ў месцы выяўлення, знаходзіліся чатыры брыкеты са спрэсаваным смалістым рэчывам цёмна-карычневага колеру, якое па заключэнні эксперта ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гарадзенскай вобласці з’яўляецца гашышам. Астатнія скруткі з рэчывам знаходзяцца на экспертызе.

За незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі наркатычных сродкаў Гарадзенскай рэгіянальнай мытняй у дачыненні да групы асоб распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 328-1 Крымінальнага кодэкса.

БелаПАН

Фота і відэа: grt.customs.gov.by